Сястра асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Паўлава: «Яго, хутчэй за ўсё, расстралялі»

Смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Паўлава, хутчэй за ўсё, прыведзены ў выкананне.

Пра гэта 10 чэрвеня каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палуду паведаміла сястра Паўлава Раіса Анатольеўна.

Жанчына распавяла, што ад Віктара паўтара месяца не было лістоў. Нядаўна жанчына сабралася ехаць да яго на спатканне. Раней яна тэлефанавала начальніку СІЗА і дамаўлялася на канкрэтную дату і час, але гэтым разам у СІЗА ёй адмовілі ў прызначэнні спаткання, а таксама не паведамілі інфармацыі пра стан брата. Тады сёння па просьбе Раісы ў СІЗА пайшла адвакатка — ёй паведамілі, што Віктара Паўлава там няма.

Сястра Паўлава мяркуе, што ўсе гэтыя факты сведчаць аб тым, што яе брата расстралялі. Афіцыйных дакументаў аб прывядзенні ў выканне прысуду сям’я Віктара пакуль што не атрымлівала.

Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак на Віцебшчыне. Яго прысудзілі да смяротнага пакарання напрыканцы ліпеня 2019 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: