Сёння ў Гродна прыбыў Віфлеемскі агонь

Сёння, 17 снежня, харцэры прывезлі ў гродзенскую катэдру Віфлеемскі агонь. Гродна — першы горад у Беларусі, які яго прымае. Да 7 студзеня каталіцкія вернікі змогуць запаліць ад Віфлеемскага агню свечку, каб аднесці яго часцінку дадому.

 



Традыцыйна Віфлеемскі агонь прыбывае да нас праз Польшчу. У гэтым годзе група харцэраў, якая прыняла Агонь ад сваіх польскіх равеснікаў, была міжнароднай: у яе склад уваходзілі прадстаўнікі з Расіі (Масквы і Ніжняга Ноўгарада), Ірландыі і Беларусі.

 
Віфлеемскі агонь быў урачыста ўнесены ў гродзенскую катэдру падчас св. Імшы. Ксёндз Ян Кучынскі прыняў яго ў пачатку Літургіі і адзначыў, што Агонь прыбывае ў Гродна ў асаблівы час, таму што Касцёл распачынае непасрэдную падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння. Святло Міра, прывезенае ў Гродна, асвячае горад, дамы і сэрца кожнага чалавека. Падчас гаміліі кс. Ян падкрэсліў таксама, што "гэта агонь з таго месца, дзе нарадзіўся Хрыстос, у гэтым агні — уся гісторыя нашага збаўлення. Маленькі агонь напаўняе нас святлом, спакоем і радасцю. Давайце запросім Хрыста да сябе, каб усё запоўніць Святлом". Пасля св. Імшы кожны вернік мог падысці да Віфлеемскага Агню і запаліць ад яго сваю свечку, каб занесці гэтае святло дадому.
 
 
У гродзенскай катэдры Віфлеемскі Агонь будзе знаходзіцца да Трох Каралёў. Кожны вернік — праваслаўны ці католік — можа ў гэты час прыйсці ў базіліку, каб запаліць ад яго сваю лампадку ці свечку і занесці Віфлеемскі Агонь у свае дамы. Няхай гэты агонь будзе таксама на нашых сталах падчас каляднай вячэры на знак таго, што Хрыстос, які з'яўляецца Святлом для кожнага з нас, асвячае нас і вядзе. 
 

У свята Божага Нараджэння нашых праваслаўных братоў Віфлеемскі Агонь будзе перададзены ў гродзенскі праваслаўны сабор.
 
 

Традыцыя прывозіць Віфлеемскі агонь у Беларусь працягваецца ўжо больш за 15 гадоў. З Віфлеема, дзе, як лічыцца, нарадзіўся чалавекам Ісус Хрыстос, агонь самалётам дастаўляюць у Вену (Аўстрыя). Далейшы шлях святыні пралягае праз Чэхію, Польшчу, і, нарэшце, ён трапляе ў Беларусь.
 
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: