Сёння будзе агучаны прысуд Віктару Бабарыку

Дзяржаўнае абвінавачанне запрасіла для былога кандадата ў прэзідэнты Беларусі 15 гадоў пазбаўлення волі. Чакаецца, што прысуд абвесцяць а 10-й гадзіне. Віны Віктар Бабарыка не прызнае.

Суд па «справе «Белгазпрамбанка» пачаўся 17 лютага.

На пасяджэнні 6 красавіка Віктар Бабарыка заявіў пра сфабрыкаванасць справы і адмовіўся даваць паказанні. 21 чэрвеня на працэсе пачаліся спрэчкі бакоў. Бабарыку абвінавачваюць у легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Акрамя яго, абвінавачанымі з'яўляюцца намеснікі старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Сяргей Шабан, Аляксандр Ільясюк, Кірыл Бадзей, Дзмітрый Кузьміч, былы першы намеснік старшыні праўлення Аляксей Задойка, намеснік старшыні праўлення Сяргей Дабралёт, дырэктар ТАА «Актыўлізінг» Віктар Кабяк. Іх абвінавачваюць у дачы хабару паўторна або ў буйной суме. Яны прызналі віну і заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.

22 чэрвеня пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Гэта максімальны тэрмін, які маглі запытаць пры выстаўленых яму абвінавачаннях. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, «віна знайшла пацвярджэнне цалкам».

Акрамя таго, для Віктара Бабарыкі пракурор патрабуе і штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў. Адвакат Бабарыкі Наталля Мацкевіч заявіла, што следства было праведзена неаб’ектыўна і з парушэннем правоў абвінавачаных. На думку абароны, крымінальны пераслед Бабарыкі звязаны з тым, што ён заявіў аб сваім удзеле ў выбарах.

Астатнім фігурантам запыталі ад 3 да 6,5 гадоў пазбаўлення волі:

Сяргею Шабану, Дзмітрыю Кузьмічу — 6,5 гадоў турмы,
Аляксандру Ільясюку, Сяргею Дабралёту, Кірылу Бадзею — 5,5 гадоў,
Аляксею Задойку — 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову,
Віктару Кабяку — 3 гады калоніі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: