
Нагадаем, Міколу Дзядка затрымалі 4 сакавіка пасля выхаду з будынка суда Фрунзенскага раёна, дзе яго асудзілі да штрафу ў 1275 рублёў за рэпосты ў сацыяльных сетках.

Падставай для затрымання стала акцыя салідарнасці з палітвязнямі 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, у якой Мікола браў удзел.

Як паведамляе тэлеграм-канал Міколы Дзядка, пасля затрымання на яго былі складзены яшчэ два пратаколы па фотаздымкам з флешмоба супраць закона аб экстрэмізме. Калі будзе суд па гэтым пратаколам — не вядома.
Працэс пачаўся. Мікола прызнае ўдзел у акцыі, але не прызнае сваёй віны. Яго вінавацяць у парушэнні арт.10 Закона пра масавыя мерапрыемствы. Трымаў партрэт Барановіча і крычаў "Свабоду палітвязням", чым парушыў арт. 23.34 КаАП.
Сведка амапавец Эдгар Коласаў сцвярджае, што пікет пагражаў іншым грамадзянам, перашкаджаў мінакам. Але патлумачыць, якім чынам гэтая перашкода адбывалася, і чаму не было спробаў спыніць парушэнне, не змог.
Таксама выявілася, што пратакол апытання быў складзены з парушэннямі.
Мікола Дзядок адзначыў, што ніхто, нават міліцыянты, не выказвалі прэтэнзій да ўдзельнікаў акцыі. Пры гэтым усе міліцыянты былі ў цывільным. Чаму на судзе не прысутнічаюць людзі, якім заміналі пікетоўцы? Тым больш, што памеры плошчы даюць магчымаць абыйсці пікет.
Адвакатка Дзядка Наталля Мацкевіч звяртае ўвагу на вяршынства Канстытуцыі (арт 23) і права людзей на масавыя акцыі. Парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян — удар па рэпутацыі краіны. У Міжнародным пакце пра грамадзянскія і палітычныя правы, які ратыфікавала Беларусь, прапісана права на свабоду сходаў. Пакаранне штрафам ці арыштам будзе абсалютна несувымерным дзеянням Дзядка. Пры гэтым яна спаслалася, на арт 8.2 КаАП, які ў дадзеным выпадку дазваляе вызваліць Дзядка ад адказнасці.
Пасля перапынку абвешчаны прысуд: згодна з ч.1 арт. 23.34 КаАП Мікола Дзядок прысуджаны да штрафу ў 25 базавых велічынь.