Сёння магло б споўніцца 60 гадоў Анатолю Сысу

26 кастрычніка споўнілася б 60 гадоў выбітнаму беларускаму паэту Анатолю Сысу.
Гэта быў пачатак 2000-х. Анатоль Сыс прыйшоў у госці да нашай сям'і. Ён трымаў мяне на руках, падарыў майму старэйшаму брату жывога павука. Пра гэты візіт мне распавядалі бацькі – я зусім не памятаю гэтай сустрэчы з паэтам.

Потым, праз нейкі час, на паліцы нашай хатняй бібліятэкі я натыркнуўся на кнігу пад назвай «Лён» – гэта быў зборнік вершаў Анатоля Сыса. Я прапусціў прадмову Міхася Скоблы, якой адкрывалася кніга, і цалкам пагрузіўся ў вельмі жывы, напоўнены асаблівай прыцягальнай энергіяй свет Анатоля Сыса. Калі я прачытаў практычна палову кнігі, я натрапіў на некалькі фотаздымкаў, якія былі ўкладзеныя паміж яе старонкамі. Гэта былі здымкі з пахавання Анатоля Сыса, тады я зразумеў, што паэта ўжо няма сярод жывых.

Бацькі распавядалі мне пра Анатоля Сыса – неардынарнага чалавека і вялікага паэта. Магу сказаць, што менавіта ён любімы паэт усёй нашай сям'і. Анатоль Сыс – выпускнік гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны. Потым філалагічны факультэт скончаць мая мама і мой бацька.

Мала пра каго з беларускіх паэтаў можна пачуць столькі легенд, як пра Анатоля Сыса. Напэўна, гэта тлумачыцца асаблівай харызмай, якой ён, несумненна, валодаў. Хтосьці называе яго самым пасіянарным сярод беларускіх паэтаў, хтосьці ўспамінае аб яго неардынарных паводзінах і яркіх, часам эпатажных перформансах.

Сыс – знакавы паэт для беларускай культуры. Для мяне важным пацвярджэннем знакавасці паэта з'яўляецца той факт, што на яго вершы напісана мноства песень розных музычных стыляў. Песні на вершы Анатоля Сыса можна пачуць у выкананні такіх творцаў, як Аляксандр Памідораў, Андрэй Мельнікаў, Кася Камоцкая, Вальжына Цярэшчанка, Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Эдуард Акулін, Антось Звычайны, Міхаіл Рубін; дуэта Сяржука Доўгушава і Алеся Ясінскага; гуртоў Новае Неба, Палац, Ilo&friends, Чырвоным па беламу, BosaeSonca і іншых. Пэўна, ніводны сучасны беларускі паэт не мае такой колькасці песень на свае вершы ў выкананні розных музыкаў. Радуе, што з цягам часу песень становіцца ўсё больш і больш – гэта значыць, што паэзія Анатоля Сыса знаходзіць водгук і ў новай аўдыторыі. 

У гэтым годзе юбілей Анатоля Сыса будуць адзначаць у розных кутках Беларусі: 27 кастрычніка адбудзецца імпрэза ў Гомелі, 30 кастрычніка пройдзе музычная вечарына ў Мінску, 2 лістапада дзень нараджэння паэта будуць святкаваць на яго радзіме – у Гарошкаве.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!