«Сёння — наш дзень і наша свята». Святлана Ціханоўская віншуе беларусаў з Днём Волі

«Сёння беларусы ўпершыню святкуюць Дзень Волі як Новы Год», — сказала Святлана Ціханоўская ў сваім звароце-віншаванні.

«Як і многія беларусы, раней я не лічыла 25 сакавіка важнай датай. Але ў 2020 годзе ўсё змянілася. Мы пачалі пісаць гісторыю новай Беларусі. І цяпер усе мы разумеем: нельга ісці ў будучыню, не памятаючы пра мінулае, — а інакш можна затрымацца ў гэтым мінулым на 26 гадоў.

Беларуская Народная Рэспубліка стала старонкай нашай гісторыі, дзякуючы якой праз гады Беларусь атрымала незалежнасць, а не засталася шасцю абласцямі ў складзе іншай краіны.

І сёння — наш дзень і наша свята. Я віншую нас з тым, што ў нас з'явіліся адзінства, салідарнасць і воля. І з тым, што ўсяго за тыдзень мы сабралі амаль 750 тысяч галасоў на платформе "Голас" — за мір, за перамовы, за свабодную будучыню нашай роднай краіны.

Паводле інфармацыі ByPol, рэжым паставіў сабе на мэце не даць нам сабраць мільён. Таму яны блакуюць доступы да сайта "Голаса", робяць фэйкавыя рассылкі і спрабуюць запалохаць беларусаў, якія хочуць націснуць на кнопку. Але наша воля расце — і разам з ёй расце іх страх.

За першы тыдзень галасавання міністэрствы замежных спраў Славеніі, Аўстрыі, Германіі, старшынства Швецыі ў АБСЕ, місіі ЕС і ЗША ў АБСЕ падтрымалі беларусаў. Мы ўжо пачалі дыялог з міжнароднымі партнёрамі аб тым, якой можа быць пляцоўка і бакі перамоў пра новыя выбары. Бо нашы галасы, сімвалы і феерверкі на вулiцах ўзмацняюцца і патрабуюць менавіта гэтага.

І я жадаю ўсім нам наступнае 25 сакавіка сустрэць ў той Беларусі, якой мы заслугоўваем — у краіне, дзе шануюць закон, захоўваюць правы і паважаюць народ. Бо ўжо сёння беларусы ўпершыню святкуюць Дзень Волі як Новы Год. Дык са святам!

Жыве Беларусь!»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: