Сёння пачынае працу міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні да адказнасці вінаватых у катаваннях

Новая міжнародная платформа для Беларусі будзе садзейнічаць працы па прыцягненні да адказнасці вінаватых у сур’ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.


«Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці» — гэта сумесная праграма беларускіх і міжнародных грамадскіх арганізацый, якія маюць вялікі досвед працы ў галіне дакументавання і расследавання катаванняў і іншых парушэнняў правоў чалавека, паведамляе «Вясна».

Узначаліць міжнародную платформу для Беларусі Дацкі інстытут супраць катаванняў — DIGNITY — сумесна з брытанскай арганізацыяй REDRESS, Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі.

Паколькі ў Беларусі працягваюцца беспрэцэдэнтныя парушэнні правоў чалавека, існуе вострая неабходнасць належным чынам сабраць і наладзіць бяспечнае захаванне сведчанняў і дакументацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

У сумеснай заяве 19 дзяржаў выказалі поўную падтрымку стварэнню «Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці», якая стартуе сёння ў мэтах выканання рэкамендацый, змешчаных ў дакладзе прафесара Бенедэка, дакладчыка ў рамках «Маскоўскага механізму» АБСЕ.

Міжнародная платформа для Беларусі будзе падтрымліваць бягучую працу беларускіх арганізацый па зборы, апрацоўцы, праверцы і захаванні інфармацыі, дакументацыі і доказаў сур’ёзных парушэнняў міжнародных норм у галіне правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў далейшы перыяд.

Генеральны дырэктар DIGNITY Расмус Гру Крыстэнсэн кажа: «Шырокая падтрымка дзяржавамі нашай грамадскай ініцыятывы па зборы, сістэматызацыі і захаванні доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі — гэта вялікі гонар для нас. Платформа будзе абапірацца на магутную бесперапынную працу адважных беларускіх праваабарончых арганізацый. Гэта будзе найважнейшая ініцыятыва па аднаўленні справядлівасці і спыненні беспакаранасці ў Беларусі».

Расмус Гру Крыстэнсэн дадае: «Спадзяюся, што гэтая ініцыятыва пракладзе шлях аналагічным платформам, створаным грамадскімі арганізацыямі пры падтрымцы дзяржаў, у іншых надзвычайных сітуацыях, дзе неабходна хуткае і сістэматычнае дакументаванне парушэнняў правоў чалавека».

Прафесар міжнароднага права Грацкага ўніверсітэта Вольфганг Бенедэк быў прызначаны дакладчыкам у рамках «Маскоўскага механізму» АБСЕ 17 дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЕ, якія ініцыявалі «Маскоўскі механізм» АБСЕ ў верасні 2020 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і шматлікіх заяў аб далейшым пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў гэтай краіне.

5 лістапада 2020 года прафесар Бенедэк прадставіў свой даклад пастаяннаму Савету АБСЕ, дзе маецца мноства дакументаў аб сур’ёзных і беспрэцэдэнтных парушэннях міжнародных норм у галіне правоў чалавека, здзейсненых беларускімі ўладамі да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: