«Сцёпа — самы лепшы чалавек». У Мінску зноў судзяць палітвязня Сцяпана Латыпава

У аўторак, 27 ліпеня, у 10.30 у судзе Савецкага раёна Мінска адновіцца разгляд крымінальнай справы супраць палітвязня Сцяпана Латыпава.

15.56. Падчас перапынку Сцяпан Латыпаў меў невялікую размову з адвакатам, паведамляе «Вясна». Ён адзначыў, што лісты да яго даходзяць з двухтыднёвай затрымкай. Перадачы, якія яму перадаюць, правяраюць некалькі разоў, пакуль не вырашаць, што можна. Як распавядае Латыпаў, у ноч з 1 на 2 чэрвеня пасля наркозу з лякарні ў СІЗА яго даставілі амаль голым.

13.04. У судзе абвешчаны перапынак. Працяг разгляду справы — у 14.30.

12.36. Пракурор зачытвае пісьмовыя матэрыялы справы — пратаколы ператрусаў, пералік вынятых рэчаў, расшыфроўкі тэлефонных размоў Сцяпана Латыпава і г. д.

12.12. Сведак працягнуць дапытваць ў 14.30. Зараз суд вывучае пісьмовыя матэрыялы справы.

12.03. Суддзя зачытваў паказанні Пілецкага падчас следства, яны звязаныя з працоўнымі пытаннямі. Сведка іх падтрымлівае. Вельмі доўга суддзя распытвае, як можна вонкава вызначыць той ці іншы прэпарат.

11.50. Наступны сведка — Максім Пілецкі, працаваў намеснікам дырэктара па тэхнічнай частцы ў фірме Сцяпана Латыпава (ПУП «Беларбо»).

Гаворыць пра працоўныя пытанні. Суддзя запытвае пра прэпараты, якімі апрацоўвалі расліны, дзе іх закупалі. Сведка кажа: «На допыце ў вас указана, што паміж працоўнымі былі чуткі, што адзін раз, здаецца, з Расіі. Ёсць прэпарат — працуем, значыць, будзе зарплата».

11.40. Суддзя чытае паказанні сведкі паўгадовай даўніны, дзе яна прыгадвала тэлефонную размову, у якой Латыпаў распавёў ёй пра канфлікт на выбарчым участку. Там Сцяпан галасаваў і нібыта ўдарыў міліцыянта. Але сведка пераканана, што гэтай гісторыі насамрэч не было. То-бок размова была, але нібыта Латыпаў выдумаў гісторыю з канфліктам.

11.36. Наступны сведка на працэсе — Аліна Млынчык, вядучы інжынер «Зелянбуда».

Сведка пазнаёмілася з Латыпавым у 2020 годзе, разам прысутнічалі на скарзе ў дзіцячым садку. Ён быў выканаўцам работ, яго арганізацыя праводзіла там абрэзку дрэў. Выявілася, што тады абрэзка была зроблена правільна, скарга была беспадстаўнай.

Сышліся са Сцяпанам яны на прафесійнай глебе, часам сустракаліся, але нячаста. Яна часам тэлефанавала Латыпаву, каб даведацца пра нейкія прафесійныя нарматывы. Характарызуе Латыпава як кампетэнтнага спецыяліста, да яго прыслухоўваліся ў Камітэце прыродных рэсурсаў. Добры чалавек, разумны і прыстойны.

11.27. Суддзя прапануе Сцяпану задаць пытанне сведцы. Ён кажа: «Сведка, вам вядома, што абвінавачаны пражыў з вамі лепшыя гады свайго жыцця?» Суддзя робіць заўвагу.

11.24. Сведка распавядае, што са Сцяпанам яны пазнаёміліся ў 2017 годзе, ахарактарызаваць яго можа выключна станоўча. «Сцёпа — самы лепшы чалавек, з адкрытай душой і добрым сэрцам», ён «шмат зрабіў для гэтай краіны». Пра абставіны справы Кацярыне Саенка нічога невядома.

Таксама сведка кажа, што Сцяпан ледзь не адзіны і лепшы ў краіне ў сваёй галіне, у яго было шмат замоў, ён змагаўся са шкоднымі раслінамі, ратаваў дрэвы.


11.22. Сведку завуць Кацярына Саенка — гэта былая жонка Сцяпана Латыпава.

11.20. У судзе аб'явілі кароткі перапынак. Падчас яго Сцяпан размаўляе з адвакаткай, ён трымаецца добра, упэўнена, спакойна, гаворыць размерана. Кажа, перажываў за тату і што з сабой яму не дазваляюць браць ежу. Гаворыць, што калі нешта здарыцца з яго бацькам (саб'е машына, ударыць маланка, нечакана спыніцца сэрца), то будзе лічыць, што «гэта злая воля кагосьці з дрэнных людзей».

Відаць, што ён кайданкамі прыкуты да міліцыянта.

Пасяджэнне аднаўляецца, запрасілі сведку.

10.59. Падчас следства міліцыянт гаварыў, што ў той дзень ён праязджаў каля «Плошчы Перамен» і ўбачыў мурал, які «выказвае пратэст супраць дзеючай улады». Выйшаў, убачыў грамадзян, якія заміналі камунальнікам зафарбоўваць мурал. Латыпаў патрабаваў ад супрацоўнікаў прадставіцца і казаў, што патрабаванні міліцыі незаконныя і што ён нікуды не сыдзе. Міліцыянты сказалі, што прыменяць спецсродкі, але ён не слухаў. У адказ на прымяненне да яго прыёмаў барацьбы ён стаў упірацца, яго давялося несці, але ён вырываўся і актыўна супраціўляўся. Потым, калі ляжаў на зямлі, працягваў супраціўляцца і варочацца з боку на бок.

Таксама з паказанняў Пятрова падчас следства: «Мне былі нанесеныя нязручнасці маральнага характару — відэазапіс быў размешчаны ў інтэрнэце». А відэа, якое запісвалася на відэакамеру «Дазор», не захавалася.

Увогуле пацярпелы кажа, што ў паказаннях ад 17 лютага ўсё слушна. Але настойвае, што, калі Сцяпан ляжаў, ён «павярнуўся 1-2 разы, але «актыўна не супраціўляўся». На ўдакладненне суддзі, ці лічыць ён сябе пацярпелым, Пятроў лаканічна заявіў: «Было і прайшло». Матэрыяльных патрабаванняў да Латыпава не выстаўляе.

10.53. На пытанне, ці лічыць Пятроў сябе пацярпелым, ён кажа, што не, ніякай шкоды яму нанесена не было. Суддзя звяртае ўвагу на супярэчнасці ў яго паказаннях. Агалошвае пратакол допыту падчас следства ад 17 лютага 2021 года.

10.49. З далейшага расповеду пацярпелага: ён кажа, што з калегамі быў у форменным абмундзіраванні. Грамадзянам не прадстаўляўся. Гаворыць, што Латыпава неслі чацвёра: да яго з напарнікам пад'ехала яшчэ адна машына і з яе на дапамогу прыйшлі двое супрацоўнікаў.

Адвакатка задае пытанне пацярпеламу, як ён нёс Латыпава. Той адказвае, маўляў, у матэрыялах справы ўсё ёсць, я не памятаю.

Пятроў кажа, што Латыпаў ляжаў на зямлі, супраціву не аказваў. Але адразу прайсці ў службовы аўтамабіль адмовіўся, таму супрацоўнікі яго неслі. Дадае, што ў дачыненні да яго Сцяпан не аказваў супраціву, ніякіх цялесных пашкоджанняў яму не было нанесена.

10.45. Пацярпелага прадставілі як Пятрова Аляксея Аляксеевіча. 9 верасня 1979 года нараджэння, працуе ва УУС Мінгарвыканкама.

15 верасня ён нёс службу ля «Плошчы Перамен». Кажа, што ад супрацоўнікаў камунальных служб паступіла інфармацыя, што трэба аказаць дапамогу ў прыборцы тэрыторыі — зафарбоўванні. Сярод жыхароў быў Латыпаў. Міліцыянт убачыў чалавек 6 мясцовых жыхароў, якія заміналі гэта зрабіць. Падышлі, зрабілі заўвагу. Папярэдзілі, што, калі не адыдуць, будуць прыменены фізічная сіла і спецсродкі. Распавядае, што Латыпаў упіраўся, замінаў затрыманню. Тады яго ўзялі пад рукі, панеслі, паклалі на асфальт. Астатнія людзі разышліся.

10.38. Яшчэ адно хадайніцтва ад Сцяпана аб азнаямленні з вынікамі экспертызы. На дадзенай ступені суд хадайніцтва адхіляе, бо з ім азнаёміцца па ходзе пасяджэння.

Пачынаецца допыт пацярпелага

10.34. Латыпаў хоча заявіць хадайніцтва. Суддзя спыняе яго і агалошвае вынікі экспертызы: згодна з заключэннем эксперта ад 14.07, Латыпаў на псіхічныя захворванні не пакутуе і можа абараняць свае правы ў судовым працэсе

Сцяпан усё ж заяўляе хадайніцтва аб абвяшчэнні перапынку для паўторнага азнаямлення з матэрыяламі справы, бо ў ноч на 1 ліпеня невядомыя асобы вынялі ўсе яго нататкі па справе і не вярнулі. На дадзены момант у Сцяпана на руках няма нават абвінавачання, што істотна перашкаджае яго абароне.

Хадайніцтва суддзя адхіляе, бо падсудны ўжо знаёміўся з матэрыяламі.

10.30. Сцяпан Латыпаў у «акварыуме» за шклом, побач з ім двое міліцыянтаў. Яшчэ адзін — па-за акварыумам. Сцяпан выглядае вельмі сур'езным.

10.24. Ля судовай залы сабралося з дзясятка паўтара чалавек, якія прыйшлі падтрымаць Сцяпана Латыпава. У некаторых на масках і цішотках выявы вожыкаў. Вядома, што Сцяпан Латыпаў любіць гэтых жывёл.

Перапынак у судзе быў зроблены 10 чэрвеня на час правядзення стацыянарнай судова-псіхіятрычнай экспертызы. Яе прызначылі пасля таго, як 1 чэрвеня Латыпаў проста ў клетцы ў зале суда праткнуў сабе горла асадкай. Перад гэтым ён заявіў, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пагражалі завесці крымінальныя справы ў дачыненні да яго сваякоў і суседзяў, калі ён не прызнае віну.

41-гадовы Сцяпан Латыпаў — жыхар «Плошчы Перамен», прамысловы альпініст, дырэктар фірмы «Беларбо». Яго затрымалі 15 верасня каля мурала з «дыджэямі перамен». Праз некалькі дзён на дзяржтэлебачанні выйшлі сюжэты пра тое, што Латыпаў нібыта збіраўся распыляць атруту, каб цкаваць міліцыянтаў, але ў справе гэтых абвінавачанняў не аказалася. Латыпава абвінавачваюць па трох артыкулах: «Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1, 2 арт. 342), «Супраціў міліцыі» (ч. 2 арт. 363) і «Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 ).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: