Сёння ў Мінскім гарадскім судзе апеляцыя на прысуд Кацярыне Барысевіч па справе аб «0 праміле»

У аўторак, 20 красавіка, у Мінскім гарадскім судзе разгледзяць апеляцыю па справе аб «0 праміле». Нагадаем, пракуратура палічыла прысуд Кацярыне Барысевіч «занадта мяккім» і накіравала пратэст. Абарона журналісткі лічыць, што віна Кацярыны не даказаная, і настойвае на апраўданні.
Разгляд апеляцыі пачнецца ў 14.00 у Мінскім гарадскім судзе па адрасе: вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3. Аднак працэс па справе закрыты і сёння трапіць у залу суда не атрымаецца. Прысутнічаць можна будзе толькі на абвяшчэнні прысуду, піша TUT.BY.

Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна судзілі за разгалошванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК) — паводле версіі Генпракуратуры, гэта «падвышаная напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў». Гаворка ідзе пра артыкул Барысевіч аб смерці Рамана Бандарэнкі — «Урач БХМД: "У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі"», лекар Сарокін даў каментар пра стан пацыента.

Санкцыя артыкула прадугледжвае толькі адно пакаранне: пазбаўленне волі са штрафам. Тэрмін — ад 6 месяцаў да 3 гадоў. 2 сакавіка журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч і лекар БХМД Арцём Сарокін былі прызнаныя вінаватымі. Суд Маскоўскага раёна прызначыў Барысевіч шэсць месяцаў пазбаўлення волі, Арцёму Сарокіну — два гады з адтэрміноўкай на год. Адразу пасля абвяшчэння прысуду медык выйшаў на волю. Калі цягам года ён не будзе парушаць закон, адбываць пакаранне не давядзецца.

Пракуратура горада Мінска падала пратэст на прысуд у дачыненні да Барысевіч «з-за мяккасці прызначанага пакарання». Слуханне справы праходзіла ў закрытым рэжыме, усе ўдзельнікі працэсу папярэджаныя аб крымінальнай адказнасці за разгалошванне даных судовага следства. Але заява пракуратуры дазваляе зрабіць выснову аб тым, што дзяржабвінаваўца прасіў пакаранне журналістцы вышэй за тое, што прызначана ў прысудзе. Што тычыцца пакарання доктару, то гэты момант не аспрэчваецца. Гэта дае падставы выказаць здагадку, што ў гэтай частцы патрабаванні абвінавачвання былі задаволеныя. Сам Сарокін заявіў, што абскарджваць прысуд не будзе, ён ужо вярнуўся на працу ў бальніцу.

У выніку разгляду крымінальнай справы ў апеляцыйным парадку суд або пакідае прысуд без змены, а скаргі або пратэст — без задавальнення, або адмяняе прысуд і накіроўвае справу на новае судовае разбіральніцтва ў суд першай інстанцыі, або адмяняе прысуд і спыняе вытворчасць па крымінальнай справе, або змяняе прысуд.

Наша калега знаходзіцца за кратамі ўжо 152 дні. Да гэтага ні разу ў жыцці Каця не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, не была судзімая, мае пастаяннае месца жыхарства і працы, на працы характарызуецца станоўча, неаднаразова была адзначана за журналісцкія матэрыялы, у тым ліку праваахоўнымі органамі, у 2020 годзе стала «Журналістам года» (паводле версіі праваабарончай супольнасці). Выстаўленае ёй абвінавачанне адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх злачынстваў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: