Сёння ў Мінску адкрылі новы парк забаў (фота)

На Дзень горада ў Мінску на адзін парк забаў стала болей. У раёне Каменнай горкі ўрачыста адкрылі парк імя Уга Чавеса. Канцэрты, дог-масаж, гангам-стайл ад Вадзіка Ракеты, гульнявыя і спартовыя пляцоўкі і шмат іншага сёння чакалі юных гасцей.

9 верасня ў рамках раённага свята «З Менска ў Мінск» у Каменнай горцы на скрыжаванні вуліц Казіміраўскай і Калеснікава адбылося ўрачыстае адкрыццё парку імя Уга Чавеса. Праграма мерапрыемстваў складалася з выступаў артыстаў беларускай эстрады, выставы майстроў мастацтваў, дэманстрацыі пажарна-выратавальнай тэхнікі.


Памятны камень тут усталявалі яшчэ ў 2014 годзе.


А сёння прайшло ўрачыстае адкрыццё другой чаргі будаўніцтва парку ў дзень святкавання 950-годдзя Мінска, на якім глава раённай адміністрацыі Арцём Цуран прамовіў: «Жыхары Каменнай Горкі з нецярпеннем чакалі, калі з'явіцца месца, дзе можна адпачыць усёй сям'ёй. Мы радыя, што будаўніцтва другой чаргі парку Уга Чавеса завяршылася. Тут уладкаваны выдатныя дзіцячыя і спартовыя пляцоўкі». Па словах намесніка часткі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Наталлі Праскуравай, месца для адпачынку мінчукоў папоўніцца дадатковымі спартовымі пляцоўкамі, таксама тут абсталёўваюць стацыянарную сцэну.


Сёння юныя госці свята ўдзельнічалі ў майстар-класах па дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, малявалі, спявалі. Цікавасць у наведвальнікаў свята выклікала выстава рэтрааўтамабіляў, на якой былі прадстаўлены 15 машын з усёй Беларусі. Усе ахвотныя маглі зрабіць памятныя сэлфі не толькі поруч, але і ўнутры рэдкіх машын. Працавалі таксама фотазоны з роставымі лялькамі, інтэрактыўныя анімацыйныя пляцоўкі, выстава выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, канцэртная праграма для людзей старэйшага пакалення, дзіцячыя атракцыёны і спартовыя спаборніцтвы.


Але адмысловую цікавасць, асабліва ў дзяцей, выклікала шоў удзельніка конкурсу «Брытанія шукае таленты» (Britain's got Talent) клоўна Вадзіка-Ракеты і дрэсіроўшчыка Дзмітрыя, які выступаў з пацешным сабачкам Лакі (Шчасліўчык). Дзеці не маглі адарвацца ад нумароў з дрэсіраванай сабачкай, які вытвараў проста неверагодныя нумары. Як пажартаваў Вадзік Ракета, гэта адзіны сабачка, які ўмее рабіць сальта назад. Гэтым нумарам ён выклікаў неапісальнае захапленне ў маленькіх гледачоў, як і дог-масаж — усім дзеткам, якія гэтага пажадалі, быў зроблены групавы масаж спіны ад «чацвераногага тэрапеўта».


 Не меншае захапленне выклікаў і «Гангам стайл», які дзеці танчылі разам з Вадзікам Ракетай.


Усяго будаўніцтва парку Уга Чавеса падзелена на пяць чэрг. Сёння была завершана другая. У парку ўжо адкрыта вялізная пляцоўка для забаў, адна з найбольшых у Мінску. Пры гэтым варта адзначыць, што ўсе збудаванні для забаў абкладзены гумавымі дыванчыкамі для небяспекі, як гэта даўно практыкуецца, напрыклад, у суседняй Польшчы. Так сама ў парку ўзведзены футбольная і баскетбольная пляцоўкі, трэнажоры, пляцоўка для заняткаў варкаўтам, працуюць часовыя атракцыёны, гандлёвыя пляцоўкі і іншае. Па словах дырэктара УП «Мінскзеленбуд» Ігара Кушнярэвіча, у рамках наступнага этапу запланавана зрабіць яшчэ дзве атракцыённыя зоны — адну для зусім маленькіх дзетак, другую для дзяцей старэйшага ўзросту.

Разглядаецца таксама магчымасць усталявання кола агляду. У далейшым тут збіраюцца ўладкаваць месцы для адпачынку, веладарожкі. Абмяркоўваецца пытанне і пра будаўніцтва крытай коўзанкі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: