Сёння ў Мінску судзяць святароў за малітву

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска сёння адбываюцца працэсы над святарамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы за малітву ля Свята-Духава сабора, якая адбылася 7 красавіка пасля «крыжалому» ў Курапатах.
Злева направа: айцец Леанід Акаловіч, айцец Вікенцій Кавалькоў. Фота з фэйсбука Надзеі Батуры

Злева направа: айцец Леанід Акаловіч, айцец Вікенцій Кавалькоў. Фота з фэйсбука Надзеі Батуры

Пратаколы на айца Вікенція Кавалькова і айца Леаніда Акаловіча былі складзеныя праз тыдзень пасля падзей, паведаміла ў фэйсбуку грамадская актывістка Надзея Батура.

Яна ўдакладняе, што айца Леанiда на самой малiтве не было, ён прыехаў пасля, каб забраць айца Вiкенцiя i разам ехаць на малiтву ў Курапаты.

Святароў вiнавацяць у арганiзацыі масавага палiтычнага дзеяння. Пры гэтым яны нібыта сабралі каля сабе людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі i так наўмысна, дзёрзка парушалi грамадзянскi супакой i беларускае заканадаўства.

У 9.30 на лаве падсудных быў айцец Вікенцій, інвалід савецкай арміі, які меў кантузію. Даведаўшыся пра гэта, суддзя абвясціў перапынак, пасля чаго пастанавіў накіраваць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на дапрацоўку ў РУУС.

Пасяджэнне па справе айца Леаніда адбудзецца ў 14.00.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!