Сёння — у сабаку, заўтра — у чалавека

Пасярод белага дня невядомы застрэліў сабаку на вачах гаспадыні. Другога сабаку жанчына паспела закрыць сваім целам.


Фота з фб Святланы Бруснікінай

“Побач з кальцавой дарогай, па-зверску, прыцэльным агнём невядомым паляўнічым забітая мая Еliadа Algero (Аslan vom Türkenkopf & Stella Artua Algero Lana), ёй было ўсяго 3 гады, проста так забіў. Ні за што! — напісала на сваёй старонцы ў фб Святлана Бруснікіна. — Сябры, прашу максімальныя рэпост, трэба падымаць усю ІНТЭРНЭТ-СУПОЛЬНАСЦЬ, інакш спантанныя расстрэлы не скончацца, хай усе даведаюцца, што можна страляць у адным кіламетры ад горада Мінска, што можна забіць проста так: сёння сабаку, а заўтра і чалавека! Усё гэта ў Беларусі! Ён трымаў мяне на прыцэле, але, мабыць, перадумаў, забіў Элю! Хацеў яшчэ страляць у Фурба, але я кінулася на яго, перашкодзіўшы зрабіць стрэл!”

Еliadа Algero Lana. Фота з фб Святланы Бруснікінай


Мы звязаліся са Святланай, каб даведацца пра падрабязнасці:

— Мы з сабакамі выехалі пагуляць за горад, за Кальцавую дарогу на поле непадалёк ад вёскі Яркава (за кіламетр ад Сухарава). Толькі прыехалі, ішлі ўздоўж возера. Здалёк пабачылі чалавека ў белым камуфляжы, што ішоў з боку Яркава. Стрэльбу расчахлёную ён трымаў дзвюма рукамі перад сабой. Мы ішлі насустрач. Здалёк мы падумалі, што гэта недзе тут пейнтбалісты гуляюць. Мы з сабакамі пасунуліся на іншы бок дарогі. Калі да нас заставалася метраў дзесяць, ён моўчкі ўскінуў стрэльбу і навёў на нас. Сабакі захваляваліся, я скамандавала: “Штэйт!” (Стаяць!). Паслухмяная Элька замерла. Фурба наогул развярнуўся да нас. Элька толькі дрэсіроўку здала, толькі дыплом атрымала. Стрэльба ў яго была наізгатове. Эля не брахала, ніхто не брахаў. Яна стаяла, апусціла галаву, каб панюхаць снег, і ў гэты момант ён стрэліў. Ён стрэліў у холку. Не ў грудзі патрапіў, не ў галаву. Яна не нападала. А пасля ён не апусціў зброю, а перавёў на Фурба. Я выскачыла на лінію агню, закрыла сабой сабаку і пабегла на яго. Ён паставіў мне падножку і стукнуў лакцём у спіну. Я ўпала ў снег, крычу: “Што ты робіш!”. Ён моўчкі пачаў збягаць. Пабег у бок Хацежына.

Міліцыя прыехала праз 1,5 гадзіны пасля выкліку. Мы пайшлі па следзе. У паляўнічага за спіной быў забіты заяц. Засталіся сляды крыві на снезе. Крывавы след прывёў да апошняга дому ў Дзегцяроўцы.

Еliadа Algero Lana. Фота з фб Святланы Бруснікінай


Забойца быў зусім побач, і жанчына вельмі добра яго разгледзела, таму без праблем зможа пазнаць.

Па яе словах, паляўнічаму, што забіў сабаку, гадоў 40. Рост 176–180. Вельмі светлыя бровы і вусы ды чырвоны твар. Пра гэта Святлана Бруснікіна распавяла і міліцыі. Але тыя сказалі з сумнай іроніяй: “Што ж вы яго не сфатаграфавалі?”

Сёння жанчына паехала на ўскрыццё сабакі, падчас якога павінны дастаць кулю (ці што іншае), якой была забіта Эля.

Святлана Бруснікіна з Фурба (Furbo Algero Lana). Фота з фб Святланы Бруснікінай
 

Дарэчы, па словах Бруснікінай, у Дзегцяроўцы два чалавекі маюць зарэгістраваную зброю, але міліцыя сцвярджае, гэта не яны забілі Элю.

Жанчына просіць як мага больш пашырыць інфармацыю, каб забойца не застаўся не пакараным.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2016-12-07 17:15:31
Крышачку пра чалавека сёньня. З надыходзячым Раством Хрыстовым (Альберт Казаран. Зварот да Раства Хрыстовага // Крыніца.info, 26 сьнежня 2015 г.; http://krynica.info/be/blogi/zvarot-da-rastva-khrystovaga/ ): "Мы чакаем поўнай і безальтэрнатыўнай перамогі ў дадзенай бітве. Калі не пераломім хрыбет у братазабойчай разні — забойстве дзяцей ва ўлонні, то ўсякая барацьба за любыя «ідэалы» марная, крывадушная і ганебная. Барацьба мае сэнс, калі мужчына змагаецца за адзінае галоўнае — жыццё яго дзяцей, бацькоў, сям’і і сваёй Радзімы ... Сёння многія клапоцяцца аб чысціні душы, правільным харчаванні, лёсе жывёл, эканоміцы, палітыцы, навуцы, пра важнасць штучнага інтэлекту, касмічнага карабля, атамнай зброі, але вынік адзін… — усё тлен ... У свеце здзяйсняецца дзясяткі мільёнаў абортаў у год, дзясяткі тысяч абортаў у дзень. ... Калі гіне столькі чалавек адначасова, у краіне аб’яўляецца жалоба. У нас дзень жалобы — кожны дзень".
  • Уладзімер Русаковіч
  • 2016-12-07 17:16:46
Працяг: "У нас дзень жалобы — кожны дзень. Калі чалавек хрысціянін ці ж вернік, то вольны ад малітвы і сям’і час ён абавязаны прысвяціць таму, каб спыніць легальнае забойства нашых дзяцей ва ўлонні. Інакш, казаць пра нейкае шчасце — крайняя форма ідыятызму. Трэба ўсвядоміць, што жывучы ў горадзе ці вёсцы ў любой часавай прасторы, наша грамадства не можа разлічваць на будучыню, пакуль закон дазваляе аборты ... звярнуць увагу прэзідэнта нашай Рэспублікі на легальны генацыд нашых дзяцей і нашага насельніцтва ... Дзякуючы некаторым крывадушным псеўда-служыцелям царквы, бяздзейнючаючым у выратаванні забітых, дзякуючы некаторым прадажным чыноўнікам, якія атрымліваюць хабар за смерць нашых дзяцей, целы забітых ідуць на вытворчасць касметыкі, розных вопытаў для стварэння амаладжальных прэпаратаў ... Таксама вырабляюцца дадаткі ў прадукты харчавання, робячы нас едакамі сваіх жа дзяцей".
  • Уладзімер Русаковіч
  • 2016-12-07 17:17:16
Заканчэньне: "Гэта ўсё адбываецца дзякуючы народу, які сваім маўчаннем і бяздзейнасцю спрыяе такому легальнаму «бізнэсу» ... за кожнай лічбай канкрэтнае жыццё маляняці, за якога няма каму пастаяць, яго няма каму абараніць ... Менавіта з нашай маўклівай згоды 17-гадовая дзяўчына рэжа сваё дзіця, пакуль вы гэта чытаеце. А заўтра будуць рэзаць вашага, і ніхто яму не дапаможа, і ніхто яго не абароніць. Зараз да гэтага нікому няма справы ... www.stop-abort.by [грамадзкае аб'яднаньне «У абарону жыцьця і сямейных каштоўнасьцяў»; Берасьце, вул. К.Маркса, д. 84] ... спынім унутрычэраўнае пакаранне смерцю немаўлятаў ... калі гэты заклік застанецца марным, і, калі ён не закране вашых сэрцаў, і, калі іх жыццё нічога не варта — тады і наша пусты гук ... З надыходзячым Раством Хрыстовым".

Больш цікавага на «Новым Часе»: