«Сёння ўночы снілася свабода». Гісторыя Максіма Тужыка, які зняў з аўтавакзала дзяржаўны сцяг

«Любое злачынства, учыненае дзеля запужвання грамадства і захавання ўлады, апраўдваецца. Любая праява іншадумства, актыўнасці, ініцыятывы наўмысна прадстаўляецца злачынствам», — кажа маці Максіма Юлія Тужык «Свабодзе».



Выпускное фота Максіма Тужыка

Дзевятнаццацігадовага Максіма Тужыка асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошні ліст, які ад яго атрымалі сваякі, датаваны 14 лютага. Гісторыю Максіма распавяла яго маці, якая лічыць прысуд жорсткім.

 

У чым абвінавацілі Максіма Тужыка

Максіма Тужыка абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 370 і хуліганстве па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Паводле абвінавачання, 5 кастрычніка Максім Тужык «залез нагамі на поручні ганка» галоўнага ўваходу аўтавакзала «Цэнтральны» і зняў з будынка дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Пасля спрабаваў сарваць сцяг з тронка. Гэта выклікала «абгрунтаванае абурэнне і маральнае ўзрушэнне» 62-гадовага мінака Аляксея Абрамава. Мужчына схапіў заплечнік Максіма, які ён пакінуў на зямлі. Тады хлопец ударыў Абрамава кулаком у твар, а потым тронкам.

У прысудзе гаворыцца, што Максім прызнаў сваю віну часткова. Ён сказаў, што не меў хуліганскіх намераў. Хлопец патлумачыў, што Абрамаў спачатку зрабіў яму заўвагу, а потым забраў яго заплечнік, дзе знаходзіліся дакументы.

Максім спалохаўся, што яго асобу могуць устанавіць, ударыў Абрамава рукой па галаве і «не выключае, што нанёс каля трох удараў тронкам», забраў свой заплечнік і ўцёк. Потым выкінуў тронак у траву, а сцяг — у сметніцу. Ён «прымяніў гвалт да пацярпелага», каб забраць у яго свой заплечнік, а сцяг здымаў, «каб ён не вісеў на будынку».

Затрымалі Максіма Тужыка 8 кастрычніка. 4 снежня Кастрычніцкі суд Мінску прысудзіў яму чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

МУС паказала відэа з допытам Максіма, аголеным да пояса і ў кайданках. Хлопец сказаў, што ўдзельнічаў у маршах, бо яго абурылі відэа, дзе сілавікі б'юць дэманстрантаў. Зняць афіцыйны сцяг было яго ініцыятывай, бо ён абурыўся, што здымаюць бел-чырвона-белыя сцягі.

 

Хто такі Максім Тужык?

Максім Тужык скончыў гімназію і музычную школу ва Уздзе, іграў на трубе ў духавым аркестры.

«Ён з пяці гадоў чытае, прачытаў увесь фонд Уздзенскай раённай бібліятэкі і дзіцячай. Крыху ідэалістычныя погляды набыў праз творы пісьменнікаў, — расказвае маці Юлія Тужык, настаўніца матэматыкі і мастацтва. — Да дзяўчат ставіцца вельмі паважліва, па-рыцарску. Аднойчы ў паходзе, калі Максім быў у лагеры для алімпіяднікаў у хіміі і геаграфіі, я назірала, як ён на руках пераносіў дзяўчат праз нейкае гразкае месца. Ён ніколі не хваліўся такімі ўчынкамі, лічыў іх звычайнымі, натуральнымі».

Сям’я Максіма жыве ва Уздзе, у яго яшчэ два браты. Максім паступіў у тэхналагічны ўніверсітэт (БДТУ) на спецыяльнасць «хімік-тэхнолаг». З універсітэта яго адлічылі ў дзень арышту.

«Мы казалі дэкану, што гэта незаконна. Але той нам смяяўся ў вочы», — кажа маці.

Максім быў валанцёрам, дапамагаў хворым пенсіянерам, насіў ім лекі і харчы. Вельмі любіць гуляць у валейбол і баскетбол.

«Мы падавалі на апеляцыю, прасілі змякчыць пакаранне. Таксама 28 чалавек, гэта ўся наша сям’я, настаўнікі і сябры, тыя хто ведаў Масіма і не пабаяўся, падпісалі калектыўны зварот. Але Мінскі гарадскі суд адхіліў апеляцыю. Будзем абскарджваць далей», — кажа маці.

 

Аркестр з удзелам Максіма Тужыка.

Дзве бабулі Максіма напісалі Аляксандру Лукашэнку, але іх зварот пераслалі ў пракуратуру.

«З пракуратуры прыйшоў адказ, што вы не маеце права звяртацца. Бабулі прасілі не даваць жорсткага пакарання ўнуку. Нашы ж бабулі галасавалі за Лукашэнку і верылі, што ён усё вырашае», — кажа маці Максіма.

Паводле Юліі Тужык, сябры і студэнты, хоць яны і абмежаваныя матэрыяльна, дапамагаюць збіраць перадачы.

«Я вельмі перажываю, і бываюць такія хвіліны, калі душэўна вельмі цяжка, калі не бачыш выйсця. Каб я разумела, што гэта пакаранне справядлівае, у мяне не было б гэтага болю, што дзіцяці зламалі жыццё ні за што. Я разумею, што я не адна такая», — кажа Юлія Тужык. 

Пра ўчынак Максіма

Паводле Юліі Тужык, Максіма абурала тое, што здымалі бел-чырвона-белыя сцягі ў людзей, залазілі на балконы кватэр. Гэта стала прычынай, чаму Максім сам вырашыў зняць сцяг з вакзала. У гэты час падышоў Абрамаў і спытаўся, што ён робіць. Максім з ім не размаўляў, а спрабаваў зняць сцяг.

«Калі мужчына хацеў вырваць сцяг з яго рук, не атрымаўшы адказу, Максім адступіў назад. Гэты чалавек схапіў яго заплечнік і спрабаваў яго гэтым шантажаваць, маўляў, аддавай сцяг, а я табе заплечнік. У гэты момант Максім спалохаўся, бо ў заплечніку былі яго дакументы, грошы, картка — увесь яго невялікі скарб. Ён тады збянтэжыўся, запанікаваў і зрабіў некалькі крокаў насустрач, працягваючы сцяг, але той мужчына моцна трымаў заплечнік у руцэ. Яны (у судзе. — РС) дачапіліся да тронка, што гэта зброя. Але Максім рэагаваў на захоп сваёй маёмасці».

Пацярпелы Аляксей Абрамаў у судзе не меў матэрыяльных прэтэнзій да Максіма. Але з бацькамі хлопца не стаў гаварыць. Паводле Юліі Тужык, ён пенсіянер з Заслаўя. 

«Было страшна і балюча ў бусіку»

Апошні ліст ад Максіма датаваны 14 лютага, калі ён знаходзіўся ў каранціне. Ён пісаў яго з папраўчай калоніі №1 у Наваполацку. У лісце пераважна пра побыт.

«Адчуваецца, што цяжка яму ў калоніі. Ён стараецца думаць аптымістычна, што праз 2-3 месяцы яго вызваляць, і гэта яго падтрымлівае. Але пасля гэтага не было ні лістоў, ні тэлефанаванняў. Мы вельмі хвалюемся», — кажа маці.

 

Ліст Максіма Тужыка з турмы

У адным з лістоў Максім піша, што вельмі моцна перажывае і сумуе: «Сёння ўночы снілася свабода. А раніцай сукамернікі казалі, што я яшчэ і гаварыў пра свабоду ўва сне. Тут многія гавораць ува сне».

29 студзеня сваякі апошні раз размаўлялі з Максімам на спатканні.

«Ён быў сурʼёзны, сказаў, калі яму прапануюць быць валанцёрам і працаваць у мінскім СІЗА, а там некаторым вязням прапаноўваюць, то ён пагодзіцца, каб быць бліжэй да нас. Хаця праца там цяжкая, — кажа маці. — Максім не скардзіўся на ўмовы, яго ніхто не крыўдзіць. Адзінае, ён казаў, што было страшна і балюча ў бусіку падчас затрымання, яго білі і запужвалі. Яму ж адразу сказалі, што ён забіў гэтага мужчыну, і ён вельмі перажываў».

 

«Злачынства дзеля захавання ўлады апраўдваецца»

Паводле праваабаронцаў, ад сілавікоў пацярпелі тысячы дэманстрантаў, некаторыя забітыя ці пакалечаныя, але ніхто пакуль не асуджаны. Заведзена пакуль толькі адна справа — аб забойстве Рамана Бандарэнкі.

«Любое злачынства, учыненае дзеля запужвання грамадства і захавання ўлады, апраўдваецца. Любая праява іншадумства, актыўнасці, ініцыятывы наўмысна прадстаўляецца злачынствам», — кажа Юлія Тужык.

Юлія Тужык лічыць, што Максіма асудзілі несправядліва. Яна кажа, што нарадзіла і выхоўвала сына дзеля лепшай будучыні Беларусі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: