СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу па факце незаконнага доступу да тэлефона журналіста

Павел Дайлід пакінуў свой смартфон у камеры захоўвання Івацэвіцкага РАУС на час допыту. І менавіта ў гэты час праз акаунт журналіста была знішчаная пяцітысячныя група ў Viber, створаная для прасоўвання навін з сайта «Першы Рэгіён».

Рэдактар сайта «Першы Рэгіён» Павел Дайлід атрымаў з Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта адказ на сваю заяву, у якой прасіў распачаць справу паводле арт. 203 Крымінальнага кодэкса («Парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў»).

Падставай для звароту ў следчыя органы сталі падзеі 24 снежня 2020 года, калі Паўла Дайліда спынілі на вуліцы супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС і прапанавалі праехаць для допыту ў якасці сведкі. Допыт тычыўся гісторыі, калі нехта размаляваў плот дома, у якім жыве старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук.

Перад пачаткам допыту журналісту прапанавалі пакінуць свой смартфон у камеры захоўвання Івацэвіцкага РАУС. Як пазней высветлілася, менавіта падчас допыту праз акаунт Паўла Дайліда была знішчаная пяцітысячныя група ў Viber, створаная для прасоўвання навін з сайта «Першы Рэгіён» у Драгічынскім раёне.

5 студзеня Павел Дайлід звярнуўся ў Івацэвіцкі райаддзел Следчага камітэта з просьбай распачаць крымінальную справу па факце несанкцыянаванага доступу да яго тэлефона і асабістай інфармацыі. Таксама прапанаваў праверыць запісы відэакамер ў міліцэйскім пастарунку, у тым ліку ў памяшканні з камерамі захоўвання. Ужо на наступны дзень СК перанакіраваў заяву ў... Івацэвіцкі РАУС — установу, на якую скардзіўся журналіст.

12 студзеня начальнік РАУС Вадзім Пастаялка вярнуў заяву следчым у сувязі з тым, «што заявы аб злачынствах, учыненых супрацоўнікамі міліцыі ў сувязі з іх службовай дзейнасцю, аднесеныя да кампетэнцыі органаў папярэдняга следства». Дзіўна, што гэта адразу не было відавочным прадстаўнікам Следчага камітэта ў Івацэвічах.

Толькі 14 студзеня пачалася праверка па выкладзеных у заяве Паўла Дайліда фактах, а следчы Дзяніс Валошчык накіраваў запыт у Івацэвіцкі РАУС, каб атрымаць запісы з усталяваных там камер відэаназірання.

Адказ з міліцыі прыйшоў 18 студзеня: высветлілася, што запісы з камер відэаназірання ад 24 снежня пабачыць не атрымаецца, хаця яны мусяць захоўвацца не менш за 30 дзён. Як патлумачылі ў Івацэвіцкім РАУС, 12 студзеня ў міліцэйскім будынку адключалася электрычнасць, таму архіў запісаў з камер відэаназірання страцііўся «па тэхнічных прычынах».

Павел Дайлід лічыць такі аргумент дзіўным: «Ці часта ўвогуле з жорсткіх дыскаў камп’ютараў знікаюць відэафайлы толькі таму, што знікла электрычнасць? Мне падаецца, што гэта нонсэнс».

Рэдактар «Першага Рэгіёна» мае намер даведацца, ці ладзілася экспертыза камп’ютара Івацэвіцкага РАУС, на якім захоўваліся запісы з камер відэаназірання за 24 снежня.

Пакуль жа следчыя спасылаюцца на тлумачэнні супрацоўнікаў міліцыі, якія запэўніваюць, што ніхто з іх да рэчаў журналіста, пакуль яны знаходзіліся ў камеры захоўвання, доступу не меў.

Цікавая яшчэ адна акалічнасць. Мабільны тэлефон Паўла Дайліда следчы накіраваў на экспертызу, але яна не здолела высветліць, ці ажыццяўляўся ў той дзень несанкцыянаваны доступ да тэхнікі. Павел кажа, што асабіста запытаў у мабільнага аператара даныя пра мабільны трафік у той дзень і час, калі тэлефон знаходзіўся ў камеры захоўвання Івацэвіцкага РАУС.

«Мяркую, што па гэтых даных можна прааналізаваць, ці карыстаўся нехта мабільным інтэрнэтам праз тэлефон падчас майго знаходжання ў Івацэвіцкім РАУС», — кажа Павел Дайлід.

baj.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: