Скараціць колькасць МУС у 3-4 разы: БСДП (Грамада) прадставіла канцэпцыю рэформы органаў унутраных спраў

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) прадставіла канцэпцыю рэформы органаў унутраных спраў, следства, пракуратуры і спецслужбаў. Сярод прапаноў — скарачэнне колькасці, перавод шэрагу супрацоўнікаў у катэгорыю грамадзянскіх служачых, захаванне адной спецслужбы (Савет нацыянальнай бяспекі).

Рэфармаваная паліцыя Украіны. Ілюстрацыйнае фота


«Прапанова рэформы вельмі своечасовая: мы бачым, як сябе паводзіць сістэма ў крызіснай сітуацыі, і разумеем, што ў такім выглядзе яна не зможа існаваць у новай Беларусі», — сказаў на прэс-канферэнцыі старшыня БСДП Ігар Барысаў, перадае БелаПАН.

Паводле яго слоў, у партыі рыхтуюць дакументы, якія могуць стаць асновай законапраектаў для новага парламента.

У сістэме органаў унутраных спраў цяпер задзейнічана больш за 130 тысяч чалавек, гэта не толькі міліцыя, але і спецслужбы, папраўчыя ўстановы, адзначыў аўтар канцэпцыі, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

«Неабходна скараціць колькасць да еўрапейскага ўзроўню: 300 міліцыянтаў на 100 тыс.насельніцтва, у нас цяпер — 1.440 з лішнім. Значыць, трэба скараціць у 3-4 разы. Таксама неабходна змяніць структуру, скасаваць шэраг ведамстваў, якія парушаюць Канстытуцыю», — заявіў Пастухоў.

Дэпартамент выканання пакаранняў МУС ён прапанаваў перападпарадкаваць Міністэрству юстыцыі, а шэраг супрацоўнікаў міліцэйскага ведамства, у тым ліку следчых, вывесці ў катэгорыю грамадзянскіх служачых. Сярод іншых прапаноў: да мінімума скараціць адміністрацыйныя арышты, абмежаваць максімальны тэрмін пяццю суткамі, разгрузіць турмы, правёўшы амністыю, стварыць больш гуманныя ўмовы ў месцах пазбаўлення волі.

«Сістэма не застанецца без працы і пасля змены ўлады. Але яна павінна быць дэмакратызаваная, праведзеная чыстка, і павінна быць рэформа заканадаўства», — мяркуе аўтар канцэпцыі рэформы.

У катэгорыю грамадзянскіх служачых могуць быць пераведзены таксама супрацоўнікі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, Дэпартамента аховы, сказаў Пастухоў, адказваючы на пытанне БелаПАН аб неабходнасці скараціць колькасць вайскоўцаў у структуры МУС. «Скарачэннем вайскоўцаў мы значна скароцім нагрузку на сацыяльныя органы і бюджэт», — дадаў Ігар Барысаў.

«Ваенная форма засталася ад камуністычнага мінулага. Я пытаюся ў супрацоўнікаў МУС, чаму было зроблена тое ці іншае, адказваюць: “Мне загадалі”. Калі будзе грамадзянская асоба, гэты фармальны стрымальны фактар знікне. Цяпер афіцэраў палохаюць тым, што яны будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за невыкананне загадаў», — растлумачыў праваабаронца, намеснік старшыні БСДП Алег Волчак.

Акрамя таго, прапануецца перайменаваць МУС у Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, міліцыю — у паліцыю («міліцыяй называецца добраахвотнае нерэгулярнае аб’яднанне грамадзян (апалчэнне)»), кіраўніком ведамства пры гэтым павінен быць толькі грамадзянскі чалавек з вопытам работы на адміністрацыйных пасадах, кандыдаты на службу павінны валодаць беларускай мовай, над МУС павінен быць усталяваны парламенцкі кантроль.

У рэформе спецслужбаў прадугледжана, што замест КДБ і шэрагу іншых спецслужбаў будзе створаная Служба Нацыянальнай бяспекі. Пры гэтым СНБ не павінна будзе займацца барацьбой з карупцыяй, кантрабандай, незаконнай міграцыяй, незаконным абаротам наркотыкаў. Асноўнымі напрамкамі яе дзейнасці будуць разведка, контрразведка, барацьба з тэрарызмам, ахова вышэйшых чыноўнікаў і дзяржсакрэтаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: