Скаўтынг, канцэрты, «Усход-2017»: што далей рабіць Маладому Фронту?

На сядзібе БНФ прайшла вечарына, прысвечаная дваццацігоддзю арганізацыі, якая спалучыла ў сабе ўспаміны пра былое ды мазгавы штурм наконт будучыні МФ.

Усіх прысутных заля змясціць не здолела, таму вечарына праходзіла ў змешаным фармаце: прамовы ў зале ды ўспаміны напалову з сяброўскімі размовамі ў калідорах ды курылцы. Сярэдні ўзрост прысутных вызначыць было немагчыма, бо прыйшлі як заснавальнікі МФ 1970-х гадоў нараджэння, так і 4-5-гадовыя дзеткі маладафронтаўцаў, народжаных ужо напрыканцы 1980-х.

«Шмат год мы канцэнтраваліся на адной асобе — на Лукашэнку, — казаў лідар МФ Зміцер Дашкевіч. — Але час падказаў, што трэба займацца сабой ды адэкватна ацэньваць свае сілы. Вопыт апошніх год паказаў, што канкрэтных рэзультатаў можна дамагчыся нават невялікімі сіламі: што ў справе збору подпісаў за сцяг, калі 6 чалавек сабрала 6000 подпісаў, што ў справе абароны Курапатаў, дзе ўсё пачыналася таксама з шасці маладафронтаўцаў».

Паводле Дашкевіча, сацыялогія сведчыць як мінімум пра 30 адсоткаў беларусаў, якія хочуць пераменаў. Калі б гэтыя адсоткі, то бок амаль 3 мільёны чалавек, у крамах размаўлялі па-беларуску, пытання Расіі ў нас наогул бы не стаяла, а краіна выглядала б па-іншаму. Таму і формы працы разам з прыярытэтамі трэба пераасэнсоўваць, не адыходзячы ад галоўнага ідэйнага стрыжня.

Павел Севярынец разлівае безалкагольны глінтвейн падчас нефармальнай часткі вечару

Павел Севярынец разлівае безалкагольны глінтвейн падчас нефармальнай часткі вечару

Падчас вечарыны прагучаў цэлы калейдаскоп ідэяй для дзейнасці, якой маглі б займацца маладафронтаўцы. Ад стварэння кампутарнай гульні «Усход-2017», у адказ на расійска-беларускія вайсковыя вучэнні, да велапрабега па сталіцах краінаў патэнцыйнага Балта-чарнаморскага саюзу, з мэтай паказаць, што беларусы хочуць міру, а не вайны. Казалі таксама пра скаўтынг, канцэрты, кватэрнікі ды іншую культурніцкую працу.

Насамрэч, фактычным адказам пра будучыню МФ стаў сам склад удзельнікаў вечару: палітыкі, актывісты грамадскіх арганізацыяў, бізнесмэны, журналісты, шоўмэны, маладыя мамы і інш. Атрымліваецца, што людзі, якія фармальна ўжо даўно не належаць да арганізацыі, гадамі прасоўваюць яе ідэі на сваіх працоўных месцах, у сем’ях ды парафіях.

Магчыма, акурат гэта і ёсць адначасна адказам на пытанне пра будучыню МФ ды падсумаваннем дзейнасці Фронту ў мінулым. Маладафронтаўцы ўжо не цягнуць неафітаў у арганізацыю, але выбудоўваюць свой «Малады Фронт» на тым месцы, дзе жывуць, працуюць ды гадуюць дзяцей.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • А. М.
  • 2017-09-07 14:09:21
Віншую Малады Фронт! Дастойная дата. Спадзяюся, даўнія сябры МФ, як людзі годныя і ўдзячныя, не забыліся, хто быў ініцыятарам стварэння моладзевай арганізацыі, і з павагай і пашанай узгадалі свайго старэйшага сябра, - Вячаслава Сіўчыка. Поспехаў у дзейнасці на карысць Беларусі!
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: