«Сказалі, не тое надзела». Мінчанку аштрафавалі за чырвона-белыя шкарпэткі

«Сказалі, што ў мяне шкарпэткі не таго колеру», — распавядае мінчанка Наталля пра сваё затрыманне 25 сакавіка і прысуджаны штраф. Жанчына, якая цяпер вырашыла распавесці сваю гісторыю, кажа, што ў той дзень ішла на курсы ў аўташколу, на ёй былі надзетыя шкарпэткі белага колеру з чырвонай паласой. За гэта суд аштрафаваў яе на 80 базавых велічынь — 2320 рублёў. Дарэчы, такіх шкарпэтак ужо няма ў продажы, звярнулі ўвагу чытачы TUT.BY.

Наталля Сіўцова-Сядушкіна жыве ў Мінску побач з кінатэатрам «Кастрычнік». У сераду, 24 сакавіка, міліцыя звярнула ўвагу на балкон яе кватэры: на ім былі завязаныя чырвоныя і белыя стужачкі. Сілавікі прыйшлі да яе дадому, знялі стужкі і павезлі гаспадыню ў РУУС Савецкага раёна, там на яе склалі пратакол за пікетаванне. На наступныя суткі (а гэта быў Дзень Волі) адбыўся суд, які прызнаў Наталлю вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні і прызначыў ёй штраф 70 базавых велічынь (2030 рублёў).

— Я вярнулася з суда, і ўвечары таго ж дня, прыкладна ў 19.28, адправілася на вадзіцельскія курсы — яны пачыналіся ў 20.00. Толькі выйшла з аркі дома, як са спіны да мяне падышлі чацвёра сілавікоў у балаклавах і чорнай вопратцы, — успамінае пра падзеі жанчына.

Па словах Наталлі, ёй паведамілі, што ў яе «шкарпэткі не таго колеру». Мінчанка кажа, што яе «паднялі і панеслі» за кінатэатр — туды, дзе стаялі аўтазакі. Наталля прасіла паставіць яе на ногі, маўляў, яна пойдзе сама і ўцякаць не збіраецца.

— Напэўна я сапраўды была даволі прыкметнай: белыя куртка і красоўкі, сінія скарочаныя джынсы і белыя шкарпэткі з чырвонай паласой вытворчасці Mark Formelle, якія былі бачныя напалову. Але хіба гэта парушэнне? Я спакойна ішла, нікому не замінала і нікога не чапала.

Затрыманую даставілі ў РУУС Савецкага раёна. Там яе пратрымалі больш трох гадзінаў — Наталля паведаміла, што ў яе непаўнагадовае дзіця. Жанчына выйшла з міліцыі з чарговым пратаколам, складзеным на яе па ч.1 арт. Суд разгледзеў гэтую справу ўжо на наступны дзень, але рашэнне не прыняў — адправіў матэрыялы на дапрацоўку.

— Я папрасіла суд запытаць запісы з камер вонкавага відэаназірання, у якіх было відаць, як я ішла па праспекце, як мяне затрымлівалі. Таксама сама хацела падрыхтавацца — даказаць, што я ішла па справе, на курсы.

Падчас наступных судовых пасяджэнняў Наталлі паведамілі, што запіс з камеры даць немагчыма — праз месяц пасля затрымання яны ўжо былі выдаленыя. Міліцыя «дапрацавала» пратакол: цяпер у ім было напісана, што жанчына не проста ішла ў БЧБ шкарпэтках (толькі гэта было пазначана ў першым пратаколе), але і падымала ўверх руку, з пальцамі, складзенымі ў «V». У адказ на яе жэст ёй сігналілі аўтамабілі.

У выніку суд пад старшынствам Сяргея Шаціла (дарэчы, ён судзіў Наталлю і за стужачкі) вынес рашэнне па справе: аштрафаваць Наталлю на 80 БВ — 2320 рублёў. Інфармацыя пра затрыманні Наталлі і суды пацвярджаецца звесткамі валанцёраў, якія адсочваюць інфармацыю пра затрыманых і судовыя паседжанні.

Пакуль Наталля не аплаціць штраф, то канфіскаваныя ў яе тэлефон і брошка будуць арыштаваныя.

— Цяпер я павінна 4350 рублёў. Такіх грошай на пагашэнне штрафу ў мяне няма, хоць я працую, але адкладаць запасы магчымасцяў не маю. Спрабавала апратэставаць рашэнне суда па стужках — яго пакінулі ў сіле. Цяпер буду спрабаваць апратэставаць рашэнне па шкарпэтках, — кажа жанчына.

Гэта не першая гісторыя, калі затрымлівалі з-за бела-чырвоных шкарпэтак.

Удакладнім, што такіх шкарпэтак ад Mark Formelle, у якіх была Наталля падчас затрымання, ужо няма ў продажы. На гэта звярнулі ўвагу нашы чытачы. Такія ж белыя, але з чорнай паласой, ёсць у продажы, а з чырвонай — не. Таксама чытачы звярнулі ўвагу, што не могуць знайсці ў крамах белыя майкі з прынтам, на якім слова «Белоруссия» чырвонымі літарамі было выпраўлена на «Беларусь». «У нашай кампаніі ўсё выпускаецца невялікімі серыямі, асартымент хутка абнаўляецца. Зараз паступае новая калекцыя. Спадзяемся, яна спадабаецца пакупнікам», — растлумачылі ў Mark Formelle.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: