«Сказалі: «Ну ўсё, жывёла, зараз мы цябе я…ць будзем». Я стаў вырывацца, крычаў»

Чарговая жахлівая гісторыя. Вінаватыя пакуль не пакараныя. Пакуль..."Мы не народзец, мы народ. І наш пратэст асуджаны на перамогу", — сказаў напрыканцы пацярпелы ад катаванняў Юры.


Юры Медніс, 34 гады, праграміст, Менск:


— Мяне затрымалі 11 жніўня каля 10 гадзін вечара. Я выйшаў з офісу, які знаходзіцца на праспекце Незалежнасці, 58. І да мяне падышлі двое невядомых у балаклавах і поўным рыштунку. Яны мяне абшукалі і папрасілі паказаць змесціва майго тэлефона. Я спытаў: “На якой падставе?” Яны тут жа ўзялі мяне пад рукі і правялі да аўтазака.

Там было 4-5 чалавек. Яны пачалі мяне штурхаць, наносіць удары. Я ляжаў на падлозе; білі дубінкамі, нагамі. Затым адзін з гэтых людзей запатрабаваў, каб я перавярнуўся на сьпіну, зняў з мяне левую красоўку. Мяне трымалі за нагу і наносілі ўдары па левай костачцы. Я ня ведаў, што костачка можа так ацякаць. У мяне, напэўна, разы ў два нага ацякла. Я думаў, што трапіў у нейкую паралельную рэальнасць.

Затым у мяне спыталі, кім я працую. Я сказаў: “Праграмістам”. Мне сказалі, каб я выцягнуў левую руку. Яе паклалі на падлогу, зафіксавалі і пачалі наносіць удары па левай кісьці.

У мяне быў ноўтбук, і ад мяне патрабавалі, каб я паведаміў пароль. Я быў у шоку: як увогуле, гэта мая асабістая інфармацыя. На якой падставе людзі, незразумелыя мне, патрабуюць… Крычалі мне, што я каардынатар, хачу разваліць краіну, яшчэ нешта рабіць. І зноў білі дубінкамі і нагамі.

Далей што зрабілі. Мяне перавярнулі на жывот, нажом разрэзалі папругу, разрэзалі джынсы ззаду, трусы. Сказалі: «Ну ўсё, жывёла, зараз мы цябе я…ць будзем». Я стаў вырывацца, крычаў: “Мужыкі, супакойцеся, усё, я скажу пароль”.

Я падняўся, мяне перамясьцілі ў задні адсек аўтазака. Прывезлі ў Фрунзенскае РУУС. У памяшканні РУУС я знаходзіўся ў вельмі цікавай позе: я павінен быў уперціся лбом у кут паміж сцяной і падлогай, падабраць пад сябе ногі, абаперціся толькі на калені і пярэднюю частку ступняў. І рукі за спінай. Адзін з гэтых людзей сеў мне на спіну і пачаў мне наносіць удары ў правы бок датуль, пакуль я не пачаў хрыпець, задыхацца.

Відаць, калі мне наносілі ўдары па шыі, там утварыліся такія гематомы, што яны склалі нейкі цікавы малюнак. Бо да мяне падыходзілі нявызначаныя асобы і казалі: “Паглядзі, як Вася працуе прафесійна”, смяяліся.

На Акрэсціна нас 93 чалавекі знаходзіліся ў турэмным дворыку шэсць на шэсць метраў. Чатыры сцяны і зверху краты. І частка дворыка, метр на метр, круглы люк, «прыбіральня». Мы адвялі чвэрць усёй гэтай прасторы для тых людзей, якія па чарзе сядзелі.

Заносяць мужчыну і кідаюць яго, маўляў, хай ляжыць. Мы да яго: “Як ты?” А ён нічога не гаворыць, толькі мычыць. Мы пачынаем грукаць, крычым: “Чалавеку дрэнна!” У адказ: “Зараз вам усім будзе так дрэнна”.

Мы здолелі самаарганізавацца. Чалавек садзіўся да сцяны, рассоўваў ногі, да яго садзіўся наступны і таксама рассоўваў ногі. І так утварылася сядзячая калёна, можна было абняць адзін аднаго, бо было вельмі холадна. Шмат было людзей, якіх затрымалі за тое, што яны ў машынах сігналілі на знак салідарнасці.

Мы не народзец, мы народ. І наш пратэст асуджаны на перамогу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: