«Сказаў, што гэта ягонае рашэнне». Сябры сцвярджаюць, што арыштаваны мінчук пачаў сухую галадоўку

Алег галадае з 23 студзеня — ён адразу пасля затрымання абвясціў сухую галадоўку. Ён не п’е і не есць. У камеры яго спрабавалі ўгаварыць хаця б піць ваду. Гаварылі, што ўсіх затрыманых 23 студзеня моцна прэсавалі ў РУУС, Алега моцна прыніжалі і запалохвалі, распавялі «Свабодзе» сябры затрыманага.



Алега Зайца затрымалі 23 студзеня на вуліцы Мірашнічэнкі і абвінавацілі адразу ў двух правапарушэннях.

Сукамернікі, якія вызваліліся з адной з Алегам Зайцам камеры на Акрэсціна, паведамілі ягоным сябрам, што ён абвясціў сухую галадоўку.

Жыхару Мінску Алегу Зайцу 37 гадоў. У яго праблемы з нагамі, таму ён не можа працаваць больш за 6 гадзін на дзень. Займаецца рамесніцтвам — вырабляе бранзалеты і іншыя рэчы, якія прадаюцца ў манастыры ў Навінках. У суботу, 23 студзеня, Алега затрымалі і адвезлі ў Савецкі РУУС. А 26 студзеня прысудзілі 25 дзён адміністрацыйнага арышту.

«Алега я даўно ведаю, гадоў восем, — расказала “Свабодзе” знаёмая Алега і яго суседка Надзея. — Мой малады чалавек вучыўся з ім разам у школе, у паралельных класах. Мы побач жывём, нашы дамы побач. А з верасня мы вельмі шчыльна сталі кантактаваць. Я часта яго бачыла, гутарылі».

Па словах Надзеі, 23 студзеня Алег Заяц выйшаў на прагулку на вуліцы Мірашнічэнкі і там сустрэў сваю знаёмую. Надзея акурат у гэты ж час размаўляла з ім праз месенджар.

«Ён мне ў гэты момант сказаў, што да іх падыходзяць людзі ў балаклавах, — расказвае дзяўчына. — І, напэўна, будуць затрымліваць. Я ўсё чула. Дзяўчыну пачалі тузаць. Алег пачаў прасіць адпусціць яе. Я ведаю гэтую дзяўчыну таксама, ёй у выніку 25 студзеня далі 15 сутак. Потым і Алега затрымалі. У гэты момант Алег выкінуў свой тэлефон. Мы спрабуем знайсці цяпер яго. Званкі хтосьці здымае, але не адказвае на іх».

Надзея кажа, што ў панядзелак 25 студзеня паехала ў суд Савецкага раёну чакаць суду над Алегам. Спісы з інфармацыяй аб працэсах у адміністрацыйных справах вывесілі толькі ў абед. Судзіць Алега Зайца павінен быў суддзя Шаціла. Але ён адправіў справу на дапрацоўку. Пасля справу разглядала ўжо суддзя Жуковіч. Судзілі Зайца адразу паводле двух пратаколаў — 23.34 і 23.4 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі). Атрымаў ён у выніку 25 дзён арышту.

«Сказалі, што Алег удзельнічаў у мітынгу з 10 чалавек без сімволікі, — кажа Надзея. — І гучней за ўсіх крычаў „Жыве Беларусь“. З другога пратаколу выходзіць, што Алег супраціўляўся, хапаўся за форменную вопратку і ўпіраўся нагамі, не хацеў залазіць у машыну. Але тыя, хто іх затрымліваў, былі ў цывільным, без ніякіх мундзіраў. Адзін толькі рацыю меў пры сабе».

У тое, што Алег упіраўся нагамі, Надзея таксама не верыць. Кажа, што ён ходзіць з кійком, мае праблему з нагамі — калісьці абмарозіў іх. Па яе словах, у матэрыялах справы Алега Зайца фігураваў сведка Громаў, які, калі верыць іншым пратаколам, знаходзіўся ў той самы час у зусім іншых месцах гораду і таксама ўдзельнічаў у затрыманнях людзей. Пра тое, што Алег абвясціў галадоўку ў першы ж дзень за кратамі, стала вядома ад яго былых сукамэрнікаў.

«Алег галадае з 23 студзеня. Ён адразу абвясціў сухую галадоўку, — перадае Надзея звесткі ад былых сукамернікаў сябра. — Ён не п’е і не есць. У камеры яго спрабавалі ўгаварыць хаця б піць ваду. Але Алег сказаў, што ён дарослы чалавек і сам прыняў такое рашэнне. Са мной таксама звязаліся людзі, якія былі ў адной камеры з Алегам і выйшлі раней. Яны гавораць, што ўсіх затрыманых 23 студзеня моцна прэсавалі ў РУУС. Вадзілі на допыты, Алега моцна прыніжалі і запалохвалі.

Казалі, што зробяць яму крымінальную справу, што сядзець ён будзе не суткі, а гады. Алег таксама расказваў, што яго спрабавалі прымусіць пакаяцца на відэа. Але ён адмовіўся. Мы думаем, што за гэта і атрымаў яшчэ адзін артыкул — за непадпарадкаванне. Нагамі ўпірацца ён дакладна не мог, яны ў яго пашкоджаныя».

Паводле сяброў, Алега Зайца раніцай 28 студзеня вывезлі з Акрэсціна, цяпер ён можа знаходзіцца ў следчай турме Жодзіна альбо ў іншым месцы. Яго спрабуе знайсці адвакат.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: