Скруцілі ў аэрапорце: падрабязнасці затрымання кіраўнікоў холдынгу БелОМА

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дырэктара БелОМА «па камерцыі» Уладзіміра Кіскіна затрымалі 24 студзеня ў аэрапорце, піша Telegram-канал «Хромой бес». Раней крыніца «Белсату» распавяла пра затрыманне генеральнага дырэктара БелОМО Вячаслава Бурскага. 
Аляксандр Лукашэнка правярае аптычны прыцэл, зроблены на «БелОМА». 2001 год

Аляксандр Лукашэнка правярае аптычны прыцэл, зроблены на «БелОМА». 2001 год

На прадпрыемстве гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не зняпраўдзілі.

На той момант (1 лютага) карэспандэнтам «Белсату» ўдалося высветліць, што дырэктар «па камерцыі» нібыта знаходзіцца ў адпачынку.

Telegram-канал «Хромой бес» паведамляе, што імавернаю прычынаю затрымання Кіскіна стала справа аб хабары. Менеджар цяпер можа знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне (БелОМА) спецыялізуецца на распрацоўцы і прадукцыі оптыка-электронных, лазерных і оптыка-механічных прыладаў.

4 лютага ананімны працаўнік заводу распавёў журналістам kp.by, што гендырэктара БелОМО затрымалі ў Расеі.

«Вячаслава Александравіча затрымалі ў Расеі, справай займаецца КДБ Беларусі. Калі коратка, то кіраўніцтва заводу зрабіла тут прыватную лавачку і гнала замовы міма прадпрыемства», – распавяла крыніца выданню.

Вячаслаў Бурскі 27 гадоў кіруе БелОМО і двойчы атрымліваў з рук Аляксандра Лукашэнкі ордэны за сваю працу.

У 2011 годзе ЗША ўключылі «БелОМА» і «Белтэхэкспарт» у санкцыйны спіс. Падставаю для санкцыяў была «надзейная інфармацыя, якая сведчыць, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран, Паўночную Карэю і Сірыю або атрымлівалі з гэтых краінаў «абсталяванне і тэхналогіі, названыя ў спісах кантролю за шматбаковым экспартам, або іншым чынам мелі магчымасць зрабіць матэрыяльны ўнёсак у зброю масавага знішчэння ці сістэмы крылатых і балістычных ракетаў». У 2013 годзе санкцыі з «БелОМА» былі знятыя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: