Славамір Адамовіч аштрафаваны за апавяданне (абноўлена)

Суд Пухавіцкага раёна 3 чэрвеня прысудзіў пяць базавых штрафу пісьменніку і паэту Славаміру Адамовічу за твор «Ніколі не пытайся, адкуль я».  
Фота з фейсбука Славаміра Адамовіча

Фота з фейсбука Славаміра Адамовіча

3 чэрвеня суд Пухавіцкага раёна разглядаў адміністрацыйную справу па «прыкметах экстрэмізму».

Нагадаем, пратакол паводле арт 17.11 КаАП РБ быў складзены на Славаміра Адамовіча за публікацыю трох твораў пад агульнай назвай «Ніколі не пытайся, адкуль я», што была надрукаваная ў «Новым Часе» (у літаратурным дадатку) ад 24 снежня 2010 года.

Ніякіх афіцыйных папер па гэтай справе «Новы Час» дагэтуль не атрымаў.

Суддзя Сяргей Васілеўскі прызнаў Славаміра Адамовіча вінаватым у распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. І пастанавіў спагнаць штраф у 5 базавых велічыняў.

Суддзя абгрунтаваў сваё рашэнне на падставе заключэння экспертнай камісіі пры Мінскім аблвыканкаме. З гэтым заключэннем камісіі №92 ад 18 красавіка 2019 года Славамір Адамовіч азнаёміўся толькі ў судзе. Як паведамляў сам Славамір Адамовіч на сваёй старонцы ў фб, заключэнне было зроблена на падставе пісьма Пухавіцкага РАУС ад 04.04.2019 і падпісанае 8 асобамі.

Экспертная камісія выявіла ў апавяданнях Адамовіча «прыкметы экстрэмізму». Аднак ніякай канкрэтыкі ў заключэнні няма, у ім агулам Славаміра Адамовіча абвінавачваюць у «прыкметах экстрэмізму», якія ўтрымліваюцца ў яго творах пад агульнай назвай «Ніколі не пытайся, адкуль я». Але дакладных цытатаў і канкрэтных месцаў у творах, якія падпадаюць пад гэта вызначэнне, не прыводзіцца.

«Дэжа вю. Усё паўтараецца», — так расцаніў чарговую судовую спробу пакарання за мастацкія творы Славамір Адамовіч. У 1996 годзе паэта асудзілі за верш «Убей президента» да зняволення.

«Я не прызнаю, што ў маіх мастацкіх творах ёсць нейкі экстрэмізм. Прызнаць гэта — значыць прызнаць той факт, што ты не свабодны ў сваіх творчых задумах, у сваёй творчай рэалізацыі, — сказаў Славамір Адамовіч у каментары НЧ. — І кожны раз, сядаючы за пісьмовы стол, ты мусіш думаць, як павінен напісаць свой тэкст, каб, не дай Бог, не падпасці пад экстрэмізм. І не толькі пад экстрэмізм — і пад распаўсюд парнаграфіі, і пад заклікі да суіцыду…

Заключэнне экспертнай камісіі — гэта агульныя словы. Там няма ніякай канкрэтыкі. Разгляду тэксту літаральнага, па фразах, дзе, у якім месцы, урэшце, у якім канкрэтна тэксце (там тры тэксты) — нічога гэтага няма.

Што далей! Будуць папросту адсочваць матэрыялы. Як бачна, яны пры патрэбе могуць на любым этапе вярнуцца да маіх тэкстаў. Тут у нас набліжаюцца цікавыя падзеі. Заяўлена пра магчымы рэферэндум. Ідзе цэлая кампанія па далейшым паглыбленні інтэграцыі. І трэба, каб ніхто не перашкаджаў.

Пакуль я на волі і магу пісаць — я буду пісаць тое, што лічу патрэбным. І я буду гаварыць тое, што я мушу. А значыць, варта чакаць наступных і неадэкватных рэакцый на мае словы»…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!