Адамовіч запрашае Пазьняка вярнуцца ў Беларусь на святкаванне стагоддзя БНР

Пра гэта ідзе гаворка ў лісце, які паэт і грамадскі актывіст даслаў у рэдакцыю «Новага часу». Апроч таго, ён тлумачыць пэўныя арганізацыйныя моманты святкавання. Прыводзім яго ліст з невялікімі рэдактарскімі праўкамі цалкам.


Частка першая: Прэамбула, альбо тлумачэнне моманту


На запрашэнне руху салідарнасці «Разам», сябрам якога я з’яўляюся, 16 студзеня 2018 года я далучыўся да Рабочай групы пашыранага Аргкамітэту па адзначэнні 100-й гадавіны з часу абвяшчэння БНР. Літаральна на наступны дзень пасля нашага сходу — сходу, у якім узялі ўдзел людзі дастаткова шырокага непаддзяржаўнага грамадска-палітычнага сектару — у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца ўжо добра знаёмыя ярлыкі-абзывалкі, што зноў «папы гапоны» збіраюцца кудысьці кагосьці весці.

У сувязі з гэтым, але ніяк не прэтэндуючы на ролю нейкага «адваката» каго б там ні было, мушу заўважыць наступнае. Якраз на сходзе Рабочай групы Аргкамітэту і былі падкрэслены два істотныя моманты. Паколькі ўпершыню за доўгія гады супраціву паміж бальшынёю крытыкаў дзейнага ў Беларусі рэжыму было дасягнута пагадненне пра супольную працу дзеля паспяховага правядзення НЕПРАТЭСТНАЙ святочнай дэманстрацыі і канцэрту 25 сакавіка 2018 года, то нейкія адмысловыя лідары такога чыну прынцыпова не абвяшчаюцца і не могуць быць. Бо адзначэнне 100-й гадавіны БНР — справа ўсёй Беларусі, усяго беларускага народа, у тым ліку і тых яго прадстаўнікоў, якія працуюць у дзяржструктурах і на дзяржпрадпрыемствах, і для якіх свабода і незалежнасць краіны ёсць безумоўны закон і неадменная вартасць.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Адсюль вынікае наш наступны пасыл: Аргкамітэт падкрэслівае, што пры ўсіх вядомых рэзонах і шматгадовым адмоўным вопыце, мы, арганізатары святкавання адной з найістотных датаў у найноўшай гісторыі Беларусі, спадзяемся, што ўлада хаця б гэтым разам зразумее важнасць моманту і, у адпаведнасці з існуючымі на сёння законамі і правіламі, пойдзе насустрач грамадскасці. І дазволіць правядзенне святочнай хады і канцэрту ў заяўленым Арганізатарамі фармаце, узгодненым абодвума бакамі (адпаведна сфармуляваная заяўка у бліжэйшы час будзе пададзеная ў Мінгарвыканкам).

Спадзяюся, я правільна вербалізаваў атмасферу Рабочага сходу пашыранага Аргкамітэту. Калі ж не — гатовы дэзавуяваць гэты допіс і больш не ўжываць займеннік «МЫ».

Частка другая: Зыходзячы з дзейных прычынаў



Мы дамовіліся, што галоўная масавая публічная акцыя адзначэння Акту 25 сакавіка 1918 года плануецца як НЕПРАТЭСТНАЯ, а святочная, без персаналізацыі, аднак з безумоўнай адказнасцю за правядзенне святочнага мерапрыемства, калі апошняе будзе дазволена ўладамі ўва ўзгодненым бакамі фармаце.

Застаецца разгледзіць фармат ex causa finali — з канцавой прычыны, якая на маю думку, палягае ў тым, каб, маючы пад рукамі фармальную падставу, выкарыстаць апошнюю для фактычнага, публічнага і матэрыяльнага ўвасаблення Беларускай Нацыянальнай Ідэі (у скароце — Беларушчыны) у прапанаваных абставінах.

На сходзе Рабочай групы Аргкамітэту прагучалі заклікі ісці ў дзяржкабінеты і прапаноўваць прадстаўнікам улады ўсіх узроўняў ідэі наконт ушанавання даты, надзвычай істотнай для беларускай дзяржаўнасці. Вядома, заклікі слушныя, яны працягваюць з’яўляцца ў электронных медыя і сацсетках.

Аднак я хацеў бы звярнуць увагу перш за ўсё на наш прыватны сектар, наша прыватнае жыццё. Бо, калі паглядзець на яго незамыленым вокам, дык выявіцца, што якраз тут неаранае поле, каб у незваротных маштабах стала праяўляцца БЕЛАРУСКАЯ Беларусь.

Як сказаў нехта з нашых папярэднікаў, не трэба двух, каб пачаць. У год вялікага юбілею вярніцеся, нарэшце, да мовы продкаў і пачніце гаварыць па-нашаму, па-беларуску (ужо нават адпаведныя курсы ёсць, якія дапамогуць). Яшчэ не можаце па-нашаму? Абнавіце нарэшце надмагіллі вашых дзядоў-прадзедаў па-беларуску! Думаю, там, на вышынях, ваш чын азорыць ім шлях у Вечнасці, а тут, на зямлі, мы нарэшце нават на могілках зможам жыццесцвярджальна выгукнуць наш нязменны кліч «Жыве Беларусь!». І гэта не прагучыць як аксюмаран, але як пераможная канстатацыя.



Яшчэ летась з сябрамі па руху «Разам» мы асвяцілі і ўзнялі на сцягары наш бела-чырвона-белы сцяг, які і сёння лунае над маёю прыватнай сядзібай у вёсцы Цагельня пад Мар'інай Горкай. Цяпер гонар мой крыху супакоіўся, але ён яшчэ больш палагаднее, калі людзі ў масавым парадку возьмуць на ўзбраенне мой прыклад. І ўжо ў гэтым юбілейным годзе мы зможам убачыць, як нашы сядзібы асвецяцца пранізліва-ясным, чыстым святлом нашых бела-чырвона-белых палотнішчаў, разгорнутых цалкам легальна і ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Калі ў каго ёсць свой сядзібны дом з участкам (а ён у многіх ёсць, не прыбядняйцеся), альбо хоць бы належным чынам дагледжанае лецішча, вы маеце цудоўную магчымасць годна адзначыць 100-гадовы юбілей БНР, узняўшы над сваёй прыватнай тэрыторыяй наш нацыянальны...


І яшчэ: калі ўжо ісці да адказных чыноўнікаў дзейнага рэжыму з прапановамі, дык варта гаварыць ім сярод іншага і пра ідэю закладання садоў, паркаў, сквераў «імя 100-годдзя БНР», якое адзначаецца ў гісторыі толькі адзін раз.

Частка трэцяя: Адкрыты ліст да беларускага нацыянальнага лідара ў выгнанні Зянона Пазьняка


Паважаны Зянон Станіслававіч! Я не ведаю ўсіх нюансаў Вашага шматгадовага знаходжання за межамі Бацькаўшчыны, але, грунтуючыся на ўласным досведзе выжывання паводле Дублінскай Канвенцыі 1990 году і як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, бяру на сябе смеласць прапанаваць Вам наведаць нашу краіну з нагоды святкавання надзвычайнай даты ў гісторыі нашага народу — 100-й гадавіны з часу абвяшчэння БНР.

Ведаю, што такая прапанова многімі нядобразычліўцамі будзе расцэненая, як «чарговая правакацыя». Гэта не навіна для мяне. Аднак я ведаю і тое, што словы без справаў мёртвыя. Вядома, не мне Вам тлумачыць, што на 24-м годзе жыцця пад рэжымам унутранай акупацыі адбываецца глыбокая сацыяльная, палітычная, канфесійная і ўрэшце духоўная атамізацыя грамадства. Перш за ўсё з прычыны нечуванага нацыянальнага прыгнёту і татальнай русіфікацыі. Дух народу сцяты ў абцугах самадура-пракуратара і яго клікі, але не да безнадзейнасці. У нас, беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў, ёсць магчымасць перавесці патэнцыйную энергію 2018 году як Году БНР у кінетычную з пастаяннай дынамікай росту. Іншымі словамі, Вас, Зянон Станіслававіч, чакаюць нават тыя, хто ўжо даўна і незваротна паставіў толькі на ўласныя сілы. Самае кур'ёзнае, бадай, у тым, што Вашаму прыезду спрыяе і ўвядзенне так званага бязвізу на нашай заходняй мяжы. Варта толькі пісьменна выкарыстаць сітуацыю.

Не сумняваюся: калі аднойчы мы пачуем, што Зянон Пазьняк сёлета збіраецца наведаць Беларусь, то нават не дзясяткі, а сотні аўто Вашых прыхільнікаў, апалагетаў і проста суайчыннікаў гатовыя будуць сустрэць Вас на любым памежным пункце пропуску і забяспечаць належны эскорт. Менавіта Ваш прыезд у Беларусь з паўнамоцтвамі ад Рады БНР альбо ўласна яе прадстаўнікамі стаўся б найярчэйшым і найістотным момантам адзначэння сотай гадавіны з часу прыняцця Трэцяй Устаўной Граматы.

З свайго боку ў выпадку Вашага прыезду гарантую Вам самы цёплы прыём у самым цэнтры Беларусі — у Мар'інай Горцы, а таксама калектыўнае фота на фоне бела-чырвона-белага сьцяга, які і сёння лунае на сцягары на маёй беларускай сядзібе.

Спакойнага ўезду і прыязных памежнікаў, Зянон Станіслававіч!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Янка
  • 2018-01-23 01:35:34
Нельга ехаць. Зянон Станіслававіч -- вораг Расейскай імперыі, а гэтая пачвара не даруе. Не дай Бог што, нацыя зусім без галавы застанецца.
  • Владимир
  • 2018-01-23 08:14:37
Я за приезжает Поздняка.
  • Anatol Starkou
  • 2018-01-24 12:31:30
ПАПЕРКА частка I.

Гэты ліст вядомага і адзінага майго любімага беларускага сучаснага паэта Славаміра Адамовіча, кажа мне аб тым, ШТО таварыш не панімает:

(1) Калі Зянон Пазьняк не грамадзянін ЗША, а па-ранейшаму грамадзянін РБ, то ён не можа, як чалавек, які атрымаў спачатку палітычны прытулак, а потым грын кард у Штатах, вярнуцца ў Беларусь, дзе яму пагражаў праслед з боку ўлады РБ, паводле яго заявы Дзяржаўнаму Дэпартаменту ЗША, калі ён звяртаўся і атрымаў палітычны прытулак у Штатах, бо гэта вяртанне будзе фактам яго падману ДзяржДэпа. Дый Зянон Станіслававіч тады ня вернецца назад у Штаты.
Калі ён стаў грамадзянінам Польшчы, то няхай едзе куды захоча, але ці наўрад гэтая навіна - польская грамадзянства - будзе сьвяточная для тых беларусаў, хто сабяруцца сьвяткаваць 100-годдзе абвяшчэння БНР-1918.
  • Anatol Starkou
  • 2018-01-24 14:07:50
(2) Існая так званая Рада ўзнікла ў замежжы пасля II сусветнай вайны. Некаторыя яе прадстаўнікі лічаць сябе чальцамі Рады, якая нелігітымная пад назвай Рада БНР. Нелегітымная і таму, што яе ніколі не абіраў беларускі народ. Нават пасля стварэння ўсясветнай павуціны, што магло спрыяць легітымізацыі Рады праз абранне яе чальцоў грамадзянамі РБ па сродках інтэрнэту, ня гледзячы на тое, што аб гэтым я некалі пісаў на форуме Нашай Нівы, існая Рада беларускім народам не выбіралася, і таму яна сённяшняя ніякіх паўнамоцтваў нешта ці некага прадстаўляць не мае. Існая так званая Рада БНР - Рада самазванцаў.
То бок у часы да вясны 1996г., калі ў ЗША з'явіліся першыя два прадстаўніка так званага адраджэння 1988-96г.г., і яны ж былі палітычнымі уцекачамі ад адраджэння і адначасова ўцекачамі ад рэжыму Лукашэнкі, гэтая "пасляваенная" Рада БНР была звычайнай амерыканскай і канадскай тусоўкай некаторых прадстаўнікоў і дзяцей пасляваенных эмігрантаў з Беларусі, якія эмігрыравалі пасля падзей 1944г.
  • Anatol Starkou
  • 2018-01-24 14:09:11
(3) А таму паперка ад сённяшняй Рады БНР (не блытаць існую Раду з Радай БНР-1918) будзе мець такую ж палітычную сілу, як і паперка ад мяне з Нью Ёрку на Бацькаўшчыну з словамі віншавання супляменнікаў з 100-годдзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Каментаваць