Следчы камітэт адказаў на зварот БХК аб масавых катаваннях пратэстоўцаў міліцыянтамі

Следчы камітэт не знайшоў падстаў для праверкі звароту грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінскі камітэт» (БХК) па факце масавых катаванняў людзей, піша «Свабода».

Траўмы Юрыя Панаморова пасля затрыманьня. Фота: spring96.org


Гэта вынікае з адказу, які паступіў са Следчага камітэту ў БХК. Праваабаронцы патрабавалі ад СК расследаваць катаванні, а вінаватых — прыцягнуць да адказнасці.

У звароце Беларускага Хельсінскага камітэту гаварылася аб непрапарцыйным ужыванні сілы і спецсродкаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцу пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, а таксама аб масавых збіваннях і катаваннях затрыманых.

У адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Цэнтральнага апарату СК Сяргея Цішука сказана:

«Паколькі ў Вашым звароце адсутнічаюць звесткі аб канкрэтных злачынствах і іншых абставінах, падстаў для правядзення Следчым камітэтам праверкі непасрэдна па гэтым звароце і прыняцця рашэнняў у парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, няма».

«Разам з тым па паведамленнях і заявах, якія паступілі ў падраздзяленні Следчага камітэту ад грамадзян, аб незаконным прымяненні супрацоўнікамі праваахоўных органаў фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, і заявах, якія паступяць у далейшым, у цяперашні час праводзяцца і будуць праводзіцца праверкі, аб выніках якіх заяўнікі будуць апавешчаныя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку», — запэўніў Цішук.

Каментуючы афіцыйны адказ Следчага камітэту, БХК адзначае:

«Для пачатку мы хочам нагадаць, што, згодна з арт. 12 Канвенцыі супраць катаванняў, кожная дзяржава-ўдзельніца забяспечвае, каб яе кампетэнтныя органы праводзілі хуткае і бесстаронняе расследаванне, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што катаванне была прыменена на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй».

«Мы лічым, што хуткае і эфектыўнае расследаванне ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам магчымае толькі ў рамках узбуджанай крымінальнай справы», — гаворыцца ў каментары БХК. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам (КПК) крымінальная справа ўзбуджаецца пры наяўнасці нагод і падстаў.

«Нагодай сталася наша паведамленне (паведамленне службовых асоб дзяржаўных органаў, іншых арганізацый — пункт 3 артыкула 166 КПК і арт. 170 КПК), а таксама шматлікія заявы грамадзян аб ужыванні да іх катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання (на момант падачы нашага паведамлення ўжо было вядома больш як пра 700 такіх заяў, пададзеных у тэрытарыяльныя аддзелы СК), мноства паведамленняў аб злачынствах у СМІ. Падставай — наяўнасць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства, пры адсутнасці акалічнасцяў, якія выключаюць вядзенне па крымінальнай справе», — адзначаюць у БХК.

«Мы перакананыя, што цяпер у Следчага камітэту дастаткова дадзеных для распачынання крымінальнай справы. Гэта і шматлікія заявы грамадзян аб катаваннях, якія паступілі ў тэрытарыяльныя аддзелы СК. Гэта і публікацыі ў СМІ, шматлікія фота- і відэаматэрыялы, а таксама медычныя дакументы, якія сведчаць аб характары і ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў і акалічнасцях, пры якіх яны былі атрыманыя», — гаворыцца ў каментары праваабарончай арганізацыі.

Там падкрэсліваюць, што «замест прыняцця абгрунтаванага і законнага працэсуальнага рашэння СК адказаў на паведамленне аб злачынстве, пададзенае ў рамках КПК», як на зварот, пададзены ў парадку закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».

 www.svaboda.org

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: