Следчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку фактаў катавання Міколы Дзядка, ён застаецца пад вартай

Бацька палітвязня, актывіста анархічнага руху Міколы Дзядка Аляксандр Дзядок паведаміў, што скаргу на катаванні падчас ягонага затрымання праваахоўныя органы не задаволілі. Следчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку.


Мікола ўжо два месяцы знаходзіцца пад вартай у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску праз абвінавачанне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Паводле словаў самога Міколы адвакату, яго моцна збілі падчас затрымання, перадае Радыё Свабода.

 «Учора прайшло роўна 2 месяцы з дня затрымання. Яго павінны былі альбо выпусціць, альбо пачаць працэс. Ні таго, ні другога не адбылося. З гэтага выснова, што арышт працягнулі. На які тэрмін — невядома, дакументаў мы пакуль не бачылі»,— сказаў Аляксандр Дзядок.

Публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна збілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. Затым яму прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.

Аляксандр Дзядок расказаў, па факце якіх катаванняў Мікалая ён падаў заяву ў Следчы камітэт і чаго патрабуе ад ведамства.

Пасля затрымання Мікалая Дзядка 12 лістапада МУС паведамляла, што ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках». Прэс-служба ведамства апублікавала відэа, на якім Мікалай Дзядок выглядае моцна збітым.

Увечары 12 лістапада ў кватэру да Мікалая ўварваліся сем супрацоўнікаў ГУБАЗіК, пасля чаго пачалі біць, пагражаць і катаваць Міколу:

«Нягледзячы на тое, што ён быў адзін у кватэры, не аказваў ім ніякага супраціву, быў бяззбройны і зусім не агрэсіўны, яго сталі біць, патрабуючы нейкіх прызнанняў і паролі да кампутара і Telegram.

Да яго ўжываліся катаванні з мэтай прыгняцення яго волі, у тым ліку пагрозы больш жорсткага фізічнага гвалту. Да яго былі ўжытыя катаванні газам, распыленым у твар, пры гэтым яго рукі былі скаваныя ззаду.

Усё гэта мне вядома з апублікаванага МУС відэа, з апавяданняў Мікалая адвакату і з хадайніцтва адваката следчаму. Адвакатка бачыла на целе і на твары Мікалая багата пашкоджанняў, атрыманых падчас збіцця ў кватэры і ў будынку ГУБАЗіКу ў Мінску. Таксама супрацоўнікі ведамства пагражалі Мікалаю далейшым гвалтам, калі ён будзе расказваць аб злачынных дзеяннях бандытаў з ГУБАЗіКу.

Яны, цынічна здзекуючыся з Мікалая, паверыўшы ў сваю ўсёдазволенасць і беспакаранасць, паказалі жорстка пабітага імі чалавека па цэнтральным тэлебачанні. Гэта сведчыць, што на такія здзекі яны атрымалі дазвол з самага верху. Без яго гэтыя баязліўцы не паказалі б такое на тэлевізіі».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: