Следчы камітэт чакае ад заснавальніка Telegram «аб’ектыўнай ацэнкі» тэлеграм-каналаў, якія СК лічыць «дэструктыўнымі»

Следчы камітэт Беларусі накіраваў зварот заснавальніку Telegram Паўлу Дураву. Ен тычыцца тэлеграм-каналаў, якія СК лічыць «дэструктыўнымі».

Павел Дураў


У фотакопіі звароту СК назвы гэтых каналаў замазаныя. У ёй гаворыцца, што камітэт расследуе крымінальную справу па факце распальвання сацыяльнай варожасці. Размяшчэнне асабістай інфармацыі ў тэлеграм-каналах суправаджалася заклікамі да гвалтоўных дзеянняў, паведамляе REFORM.by.

«У наступным заклікі названых telegram-каналаў выкананыя шэрагам устаноўленых і неўстаноўленых следствам асоб, што пацягнула за сабой парушэнне грамадскага парадку, прычыненне фізічнай, маральнай і маёмаснай шкоды пацярпелым. Факты злачынстваў, учыненых пад уздзеяннем дадзеных дэструктыўных telegram-каналаў, пацвярджаюцца заявамі вінаватых асоб, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці» — гаворыцца ў лісце.

Далей Дураву прапануецца азнаёміцца з гэтымі заявамі, выкладзенымі ў тэлеграм-каналах і на Youtubе. Пры гэтым спасылкі на ролікі, зноў жа, зарэтушаваныя. У лісце паведамляецца, што названыя тэлеграм-каналы прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі.

СК настойвае на тым, што тэлеграм-каналы парушаюць палітыку месенджара, «міжнародныя нормы маралі і права». У лісце выказваецца здагадка, што Дураў і каманда месенджара не падтрымлівае публічныя заклікі да гвалту і прапаганду экстрэмізму.

У прэс-рэлізе Следчага камітэта размешчана няпоўная фотакопія звароту. У ім таксама гаворыцца, што ў лютым 2021 года следчыя падчас маніторынгу інтэрнэту выявілі допіс Паўла Дурава, у якім ён паведамляў пра блакаванне каналаў, што выкладвалі асабістыя звесткі ўдзельнікаў пратэстаў і расійскіх сілавікоў. У СК ўгледзелі паралель паміж беларускай і расійскай сітуацыяй, што, верагодна, натхніла напісаць зварот.


«У сувязі з тым, што “ўмовы выкарыстання наўпрост забараняюць публічныя заклікі да гвалту”, а “правілы прымяняюцца да ўсіх парушальнікаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў”, Следчы камітэт чакае аб’ектыўнай ацэнкі ад "Telegram Messenger Inc." накіраванага ім звароту», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

На фотакопіі цяжка дакладна разабраць дату звароту. Яна прастаўленая неразборліва. Верагодна, ён быў накіраваны яшчэ ў красавіку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: