Следчы камітэт: Эдуард Пальчыс быў затрыманы ў Расіі па беларускай арыенціроўцы

Крымінальныя справы ў дачыненні да Эдуарда Пальчыса расследуюцца Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прадстаўнік  Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Ганчарова: Вызначана, што падследны, з'яўляючыся адміністратарам сайта www.1863x.com, размяшчаў на ім матэрыялы, якія змяшчаюць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці або адрознасці, а таксама адлюстраванні парнаграфічнага зместу. Гэта пацвярджаецца вынікамі праведзеных экспертыз. Першапачаткова да мужчыны была прыменена мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Аднак абвінавачваны вырашыў схавацца ад крымінальнага праследавання і ў кастрычніку 2015 года выехаў за межы Рэспублікі Беларусь. У гэтай сувязі ён быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. У гэты час расследаванне крымінальнай справы працягваецца, мужчына экстрадаваны з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту”.

Нагадаем, беларускага блогера Эдуарда Пальчыса, вядомага ў інтэрнэце як Джон Сільвер, затрымалі 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Да 26 траўня 25-гадовы ўраджэнец Гродзенскай вобласці знаходзіўся ў Бранскім СІЗА. Але ў выніку яго этапавалі ў следчы ізалятар на Валадарцы ў Мінску

Па словах прадстаўніка Следчага камітэта, у дачыненні да Пальчыса расследуецца крымінальная справа паводле абвінавачвання ў распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці і ў распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў.

Паводле Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!