Следчы камітэт праверыць факты ціску КДБ на абвінавачаных у справе Коржыча

Разгляд справы спынены да 8 кастрычніка, паведамляе Радыё Свабода.

18 верасня на працэсе ў справе аб смерці Аляксандра Коржыча скончылі вывучэнне матэрыялаў справы. Пракурор Шарснёў дадаткова апытаў абвінавачаных сяржантаў Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча аб агучаных імі фактах фізычнага і псіхалагічнага ўздзеяння з боку супрацоўнікаў КДБ, учыненых падчас следства. Пасля чаго падаў хадайніцтва аб прыпыненні разгляду справы ў сувязі з неабходнасцю правядзення праверкі дадзеных сяржантамі паказанняў.

 Падсудныя сяржанты падчас суду ў справе аб гібелі салдата Коржыча. Менск, 8 жніўня 2018 году

Праверку будзе праводзіць Следчы камітэт, яна зойме каля дзесяці дзён. Суддзя хадайніцтва пракурора задаволіў, разгляд справы аб смерці Аляксандра Коржыча працягнецца 8 кастрычніка.

Таксама са словаў дзяржаўнага абвінаваўцы стала зразумела, што падчас перапынку на працэсе Коржыча абвінавачаныя сяржанты выступяць у якасьці пацярпелых на працэсах старшага лейтэнанта Сукавенкі і прапаршчыка Вірбала. Гэтыя працэсы павінны пачацца неўзабаве.

3 кастрычніка 2017 года 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе медроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжанні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай версіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са слядамі прыжыццёвых траўмаў.

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадстве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расследаванне цягнулася каля 9 месяцаў.

У выніку следства прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачанні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Святлана Коржыч катэгарычна не згодная з высновамі следства. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць