Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце забастовак на МЗКЦ

Следчы камітэт Беларусі даслаў на Мінскі завод калёсных цягачоў дакумент аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце забастовак на заводзе, паведамляе незалежны прафсаюз РЭП.
19 жніўня 2020 года СК РБ узбудзіў крымінальную справу па ч.3 арт. 361 КК РБ. Прычына — прыпыненне работы прадпрыемства з-за забастовак, звязаных з нязгодай працоўных з вынікамі выбараў і дзеяннямі ўладаў.

У ходзе следчай праверкі ўстаноўлена: у перыяд з 9 жніўня 2020 года па 30 жніўня 2020 года за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту ў Мінску затрыманыя 10 работнікаў ААТ «МЗКЦ». У дачыненні да іх былі складзены пратаколы па арт.23.34 КаАП РБ.

У сувязі з усімі вышэйпералічанымі фактарамі Следчы камітэт запытаў ад кіраўніцтва завода падаць дадзеныя (пасада, калі прынятыя на працу і звольненыя з яе, адпачынкі, бальнічныя, дадатковыя дні адпачынку, памер зарплаты) наступных асоб:

  • рабочых, якія ўдзельнічаюць у забастоўках па прычыне нязгоды з вынікамі выбараў;
  • рабочых, якія арганізавалі і кіравалі забастоўкамі.
У СК запатрабавалі даць завераныя копіі дакументаў, якія афармляюцца для правядзення забастовак.

Акрамя таго, кіраўніцтва МЗКЦ павінна прадставіць спіс асоб, якія ўваходзілі ад іх завода ў склад камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі. Дадаткова СК запытаў даць справаздачу па шкодзе, якую маглі нанесці рабочыя-страйкоўцы.

18 лютага ў тэлеграм-канале страйкаму МЗКЦ паведамілі, што «сакрэтны дакумент» прыйшоў на завод яшчэ да новага 2021 года, але пра яго існаванне стала вядома толькі цяпер. І адзначылі, што размовы аб спісах «нязгодных» існавалі на заводзе даўно.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: