Следчы камітэт у чарговы раз працягнуў расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі

Следчы камітэт працягнуў тэрмін папярэдняга расследавання крымінальнай справы па факце знікнення Юрыя Захаранкі да 24 сакавіка.


Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, прадстаўнік жонкі зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Вольгі Захаранкі, якая атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне, аб гэтым яго апавясціў СК.

«Аб выніках расследавання вам будзе паведамлена дадаткова», — гаворыцца ў кароткім паведамленні СК на імя Волчака.

«Вельмі складана юрысту і былому старшаму следчаму пракуратуры каментаваць кожныя тры месяцы на працягу 19 гадоў (столькі ідзе бесперапыннае расследаванне справы) прадаўжэнні тэрміну папярэдняга расследавання па крымінальнай справе па факце гвалтоўнага выкрадання міністра МУС Юрыя Захаранкі. Зразумела, што ніхто нічога не праводзіць», — пракаментаваў ход расследавання праваабаронца.


Чытайце таксама: Галгофа Юрыя Захаранкі


У такіх высноў, адзначыў ён, ёсць абгрунтаванне. «Некалькі месяцаў таму газета «Народная воля» апублікавала матэрыял, што ёсць людзі, якія гатовыя распавесці пра абставіны выкрадання Юрыя Захаранкі. Але пасля выхаду таго артыкула ніхто і не зацікавіўся новымі абставінамі. Выснова адна — у следства няма задачы завяршыць гэтую справу і накіраваць яе ў суд. На жаль, працэдура падаўжэння расследавання будзе і далей выкарыстоўвацца да выбараў новага кіраўніка краіны», — сказаў Волчак.

Былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, сыйшоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе ўзначаліў камітэт па бяспецы ценявога ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Увайшоў у каманду экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра. 7 мая 1999 году пры нявысветленых абставінах знік у цэнтры Мінска.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!