Следчы камітэт завяршыў праверку па факце смерці дзіцяці ад вакцыны. Вінаватых няма

Следчым камітэтам закончана праверка па факце смерці двухмесячнага дзіцяці пасля планавай вакцынацыі. Гэты выпадак адбыўся ў Ганцавіцкім раёне ў жніўні 2018 года. Ход праверкі знаходзіўся на асабістым кантролі старшыні СК Івана Наскевіча.
Да трагічнага здарэння дзіця праходзіла планавыя агляды лекарам, і ніякіх адхіленняў і алергічных рэакцый у яго выяўлена не было. 

Разам з тым, спецыяльная камісія Мінздароўя ўстанавіла шэраг парушэнняў ведамасных нарматыўных актаў у частцы вядзення супрацоўнікамі медыцынскай дакументацыі, а таксама інфармавання бацькоў аб магчымых пабочных эфектах пасля ўвядзення вакцыны. Да дадзеных супрацоўнікаў ужытыя меры дысцыплінарнага спагнання.

Аднак выяўленыя недахопы ніяк не звязаныя са смерцю дзiцяцi, адзначае прэс-служба СК. Якіх-небудзь парушэнняў, звязаных непасрэдна з тактыкай і тэхнікай ўвядзення вакцын, таксама не ўстаноўлена.

Прычынай смерці дзіцяці называюць поліорганную недастатковасць, абумоўленую цяжкім анафілактычным шокам на адэкватна прызначаныя і правільна ўведзеныя вакцыны.

Следства прыйшло да высновы аб адсутнасці ў дзеяннях службовых асоб і супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў складаў злачынстваў.

У ходзе праверкі ўстаноўлены парушэнні працэдуры закупкі, звязаныя з недасканаласцю заканадаўства і прадыктаваныя аб'ектыўнай неабходнасцю набыцця вялікай колькасці вакцыны ў самыя кароткія тэрміны. Пры гэтым прычыннай сувязі паміж дзеяннямі ўстаноў аховы здароўя са смерцю дзіцяці не ўстаноўлена. Парушэнняў умоў захоўвання, атрымання, водпуску і ўвядзення лекавых сродкаў не выяўлена.

Вакцыны «Імавакс Поліа» і «Эупента», якія ўводзіліся дзіцяці, на момант вакцынацыі былі дазволеныя Мiнiстэрствам аховы здароўя. Паводле следчых, яны былі сертыфікаваныя. Цяпер імунізацыя вакцынай «Эупента» ў Беларусі працягваецца. Са студзеня па жнівень 2018 года зроблена каля 100 тысяч прышчэпак «Эупенты» і толькі ў двух выпадках зарэгістраваныя пабочныя рэакцыі.

Па выніках праверкі Следчы камітэт рыхтуе прадстаўленне ў адрас Міністэрства аховы здароўя з прапановамі ініцыяваць змены ў заканадаўства адносна закупкі медыцынскіх прэпаратаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!