Следчыя прынялі гомельскага пратэстоўца за байца батальёна «Азоў»

Беларускія следчыя прынялі гамельчука Дзяніса Чыкалёва за байца ўкраінскага батальёна «Азоў» з пазыўным «Зубр». Пра гэта Дзяніс даведаўся з матэрыялаў крымінальнай справы, распачатай на яго за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску, паведамляе «Еўрарадыё».
Чыкалёў і «Зубр». На думку некаторых «аналітыкаў», гэта адзін і той жа чалавек / «Еўрарадыё»

Чыкалёў і «Зубр». На думку некаторых «аналітыкаў», гэта адзін і той жа чалавек / «Еўрарадыё»

— Мне задавалі шмат пытанняў наконт маіх перамяшчэнняў за межамі Беларусі, калі і ў якім годзе я выязджаў. Таксама задавалі пытанні наконт выезду ва Украіну. Ужо потым, калі падчас азнаямлення са справай я ўбачыў гэтыя фота [фота «Зубра» з «Азова». — Еўрарадыё], я зразумеў, да чаго былі гэтыя пытанні. Я наогул быў у шоку, — расказвае «Еўрарадыё» Дзяніс Чыкалёў.

Здымкі «Зубра», сабраныя следчымі, суд далучыў да матэрыялаў справы. Але, на шчасце, артыкул за наёмніцтва, якое маглі інкрымінаваць за «фота з Данбаса», у ёй так і не з'явіўся. 22 сакавіка 34-гадовага Чыкалёва асудзілі на тры гады «хіміі» — за грубае парушэнне грамадскага парадку.

— Мне здаецца, што суддзя збольшага адэкватна разглядала і расцэньвала ўсе гэтыя матэрыялы, таму я думаю, што гэта ніяк не паўплывала на прысуд. Але ў матэрыялах крымінальнай справы ўсё гэта прысутнічае, — кажа Дзяніс.

Адкуль наогул узялася версія, што Дзяніс Чыкалёў і «Зубр» — гэта адзін і той жа чалавек? Следства абапіралася на публікацыю ў «Жывым журнале» пад назвай «Баевікі батальёна "Азоў" у Беларусі». А допіс, у сваю чаргу, напісаны па матывах допіса ў Фэйсбуку са старонкі расійскага прапагандыста, кіраўніка «Еўразійскага аналітычнага клуба» Мікіты Мендковіча. Ён параўнаў нос і вушную ракавіну Чыкалёва і «Зубра» і прыйшоў да высновы, што гэта адзін і той жа чалавек.

Вось відарысы, якія параўноўваў Мендковіч, і высновы, да якіх ён прыйшоў:

Дзяніс Чыкалёў (у камуфляжы) у часе пратэстаў і беларус з пазыўным «Зубр» на сустрэчы з украінскімі школьнікамі / «Еўрарадыё»

Дзяніс Чыкалёў (у камуфляжы) у часе пратэстаў і беларус з пазыўным «Зубр» на сустрэчы з украінскімі школьнікамі / «Еўрарадыё»

Мужчыны сапраўды падобныя адзін да аднаго, калі глядзець з пэўнага ракурсу. Тым не менш, гэта розныя людзі.
Злева — Чыкалёў, справа — «Зубр». Фота «Еўрарадыё»

Чыкалёў у бейсболцы, «Зубр» — без / «Еўрарадыё»

Беларускі добраахвотнік батальёна «Азоў» з пазыўным «Зубр», чые фота выдаюцца за фота Чыкалёва, у снежні 2020 года даваў інтэрв'ю «Еўрарадыё». Дзяніс Чыкалёў ў гэты час знаходзіўся за кратамі. Гэта таксама даказвае, што Дзяніс і «Зубр» — розныя людзі.

— Я так разумею, следства збірала любы матэрыял, каб можна было даказаць хоць нешта, каб хоць неяк прыцягнуць мяне да масавых беспарадкаў, — лічыць Дзяніс. — Маё меркаванне — хутчэй за ўсё, гэты матэрыял пра «Зубра» з «Азова» быў сабраны, скажам так, на замову і потым апублікаваны ў «ЖЖшцы». І потым ужо на гэты матэрыял «выйшлі» і далучылі яго да справы.

Пасля сямі месяцаў за кратамі Дзяніс выйшаў на волю. Але ён не свабодны.

— Цяпер я ўжо паціху адыходжу. Вельмі шмат інфармацыі, якой у мяне не было падчас майго зняволення. Сяджу пад падпіскай аб нявыездзе. На жаль, пашпарт суд мне пакуль не аддаў, на працу афіцыйна ўладкавацца не магу.

«Еўрарадыё» звязалася з сапраўдным «Зубром». Ён запісаў для іх відэа, у якім пацвярджае, што ён — гэта ён, а не гамяльчук Дзяніс Чыкалёў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: