Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу з нагоды затрымання журналістаў у Смалявічах

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце за подпісам следчага Сяргея Пудава, які працуе ў Смалявіцкім раённым аддзеле Следчага камітэта.



Ліст днямі атрымаў і пераслаў у ГА “БАЖ” дэпутат Смалявіцкага райсавета Ягор Лебядок. Менавіта па яго заяве Следчы камітэт праводзіў праверку дзеянняў супрацоўнікаў Смалявіцкага РАУС, якія затрымалі нашых калег пры канцы мінулага года.

Як вынікае з паслання, у часе праверкі не было выяўлена “складу злачынства” (арт. 29 ч.1 п. 2 КПК), таму ва ўзбуджэнні справы адмоўлена.    

Нагадаем, што 24 снежня 2012 года супрацоўнікі Смалявіцкага РАУС на чале з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі А. М. Мартысюком затрымалі сябраў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Лолу Бурыеву, Вячаслава Пяшко, Сяргея Кручкова, Мікалая Петрушэнку і Сяргея Вазняка.

Журналісты збіраліся асвятляць сустрэчу дэпутата Лебядка з выбаршчыкамі ў мясцовым Доме культуры, але так на яе і не трапілі. Усіх іх адпусцілі ў той жа дзень, але паводзіны міліцыянтаў і характар пытанняў, якія задавалі нашым калегам, выходзілі далёка за межы “высвятлення асобаў”. Журналісты вырашылі не пакідаць гэтага інцыдэнту без працягу. 

Пры канцы снежня ГА “БАЖ” напісала афіцыйныя лісты дэпутату Ягору Лебядку і міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу з заклікам разабрацца ў сітуацыі з затрыманнем калег.

Дэпутат заступіўся за затрыманых журналістаў і пачаў перапіску з РАУС, а потым і з больш высокімі інстанцыямі. З МУС адказалі, што нашых калег затрымалі абгрунтавана.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: