Следчы камітэт прад’явіў абвінавачванні фігурантам па «справе графіцістаў»

Сёння ў аднаго з фігурантаў па «справе графіцістаў» — Максіма Пякарскага, дзень народзінаў. Яму спаўняецца 24 гады. І сёння ж Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў» за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду.



Яраслаў Ульяненкаў і Вячаслаў Касінераў пакуль застаюцца ў статусе падазраваных.

Тры пастановы аб узбуджэнні крымінальных справаў былі аб’яднанныя ў адно справаводства. Пры гэтым адна са справаў, узбуджанная па факце запэцквання фарбай бігборда з выявамі супрацоўнікаў МУС і спачатку кваліфікаваная па арт. 341 КК «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», была перакваліфікаваная таксама па ч.2 арт. 339 КК.

Цяпер хлопцам пагражае абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў, паведамляе сайт spring96.org.

Ці будзе зменена мера стрымання ў дачыненні да В. Жаромскага і М. Пякарскага на час следства стане вядома пазней.

Як раней адзначалі праваабаронцы, нанясенне малюнкаў на сцены нельга ў дадзеным выпадку расцэньваць як хуліганства, бо гэтыя дзеянні не носяць фактаў грубага парушэння грамадскага парадку, з выразам яўнай непавагі да грамадства.

«Магу смела сцвярджаць, што паказаныя надпісы з выявамі не парушаюць груба грамадскі парадак і не выказваюць відавочнай непавагі да грамадства: у іх няма абразлівага зместу, табуіраваных выразаў і азначэнняў. Матыў нанясення падобных надпісаў пры названых абставінах не можа быць хуліганскім, такія дзеянні з’яўляюцца спосабам выказвання меркаванняў», — лічыць юрыст Павел Сапелка.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

Праваабаронцы ўжо выступілі з заявай на конт гэтай сітуацыі, патрабуюць неадкладнага вызвалення з-пад варты маладых людзей, і кваліфікуюць іх, як новых палітвязняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: