Следства па справе Вячаслава Касінерава аб збіцці працягваецца

Днямі аднаму з фігурантаў па “справе графіцістаў” Вячаславу Касінераву, якому падчас жорсткага затрымання супрацоўнікі САХР (спецыяльны атрад хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі) зламалі сківіцу, патэлефанавала следчая Мельнікава з Следчага камітэта Маскоўскага раёну г. Мінска.



Вячаслаў Касінераў. Фота: Ірына Арахоўская


Яна паведаміла, што справа аб яго збіцці не спыненая і запрасіла актывіста да ўдзелу ў чарговых следчых мерапрыемствах 27 студзеня.

“Раней следчая была перакананая, што з гэтай справай нічога не адбудзецца. Яна казала, што, хутчэй за ўсё, яе будуць прыпыняць, а пасля зачыняць. Падчас размовы па тэлефоне яна нават паабяцала, што прадставіць мне той аўтобус, у якім мяне затрымлівалі, і я буду паказваць, дзе стаялі супрацоўнікі САХР, што ўдзельнічалі ў маім затрыманні і збіцці”, — распавёў Вячаслаў Касінераў.

27 студзеня  было праведзенае яшчэ адно апазнанне чалавека, які быў пры затрыманні. Але машына, якую прадставілі для следчага эксперымента, была не тая, ў якой затрымлівалі хлопца.

Знешне машына выглядае цалкам падобна да той, што была ў дзень майго затрымання. Але калі я ўбачыў салон, то адразу зразумеў, што гэта зусім іншы аўтамабіль. Падчас гэтага эксперымента прысутнічаў судмедэксперт, які перапытваў ці не ўдарыўся я галавой, ці дакладна мяне збівалі.

Таксама следчая паведаміла, што на наступным тыдні адбудзецца яшчэ адно апазнанне. Я мушу паехаць у вайсковую частку, дзе трэба будзе апазнаць каля 13 чалавек. Не толькі тых, хто мяне затрымліваў, але ўвогуле ўсіх супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі у затрыманні па справе графіцістаў.

У мяне няма ніякага даверу да гэтага спісу, улічваючы папярэднія паказанні супрацоўнікаў САХР і відавочную гульню з боку следчай, прадастаўленне не той машыны і іншыя факты.

Я дапускаю такі варыянт, што яны цягнуць гэтую справу і глядзяць, што ж адбудзецца на нашай асноўнай. Апроч таго, я ведаю, што яны адсочваюць навіны ў незалежным СМІ".

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларускамоўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

Следчы камітэт прад’явіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму, Вячаславу Касінераву і Вадзіму Жаромскаму па ч. 2 арт. 339 “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў”. Падчас затрымання супрацоўнікі САХР зламалі Вячаславу Касінераву  сківіцу. Была ўзбуджаная крымінальная справа па факце нанясення менш цяжкага цялеснага пашкоджання, хаця траўма, якую атрымаў хлопец, адносіцца да цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

29 студзеня ў 14-30 адбудзецца працяг разгляду справы аб патрыятычных графіці. Паседжанне пройдзе ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: