«Сляпыя зоны» беларускага грамадства

Нават у цяперашняй Расіі ў грамадскіх назіральных камісій больш паўнамоцтваў, чым у нашых у Беларусі.


Магілёўская вобласць — край палітвязняў. У розны час у мясцовых калоніях і турмах адбывалі свой тэрмін праваабаронца Алесь Бяляцкі, палітыкі Андрэй Саннікаў, Зміцер Дашкевіч, Мікалай Статкевіч, анархіст Яўген Васьковіч. Усяго год таму з бабруйскай папраўчай калоніі №2 вызвалілі Дзмітрыя Паліенку. Нават цяпер Магілёўская вобласць застаецца прытулкам для «апошняга палітвязня краіны» — Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў горацкай ПК №9.

Тым больш здзіўляе, што менавіта ў гэтым рэгіёне ў праваабаронцаў раптам з’явіўся ўнікальны шанец пабачыць на свае вочы, што ж адбываецца па той бок турэмных сценаў. У студзені 2018 года галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама ўключыла чальца Магілёўскага праваабарончага цэнтра, юрыста ПЦ «Вясна» Барыса Бухеля ў ГНК.

ГНК — гэта грамадская назіральная камісія пры Упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Яна ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю органаў і ўстаноў, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці.

На справе ўсё аказалася не так вясёлкава — па словах Бухеля, паўнамоцтваў у ГНК вельмі мала, а інструменты рэагавання фактычна адсутнічаюць.

Праваабаронца параўноўвае з сітуацыяй у Расіі — там цяпер гайкі з правамі чалавека хоць і заціскаюць да ўпору, але ГНК маюць значна больш паўнамоцтваў. Ужо праз некалькі гадзін пасля паведамлення аб парушэнні правоў зняволенага расійскія калегі могуць прыбыць у выпраўленчую ўстанову і асабіста пагаварыць з вязнем.

Барыс Бухель


У Беларусі гэта так не працуе. Адны з першых візітаў пасля ўключэння Бухеля ў ГНК назіральная камісія зрабіла ў калоніі, дзе ўтрымліваліся апошнія на той момант палітвязні — у бабруйскую ПК №2 да Дзмітрыя Паліенкі і ў горацкую ПК №9 да Міхаіла Жамчужнага. Адміністрацыі папраўчых устаноў зрабілі ўсё, каб не даць праваабаронцу сустрэцца з імі:

— Адзіная функцыя беларускіх ГНК цяпер — гэта экскурсіі ў турмы і калоніі, паглядзець на рамонт. У Крымінальна-выканаўчым кодэксе не прапісаны канкрэтныя правы ГНК, усё залежыць ад лаяльнасці дэпартамента выканання пакаранняў і адміністрацыі калоніі, — кажа Бухель.

У апошняй рэдакцыі палажэння аб ГНК сказана, што прадстаўнікі камісіі маюць права сустрэцца і размаўляць з вязнямі. На справе ж, скардзіцца праваабаронца, кіраўніцтва калоніі заўсёды знойдзе спосаб не пусціць камісію да патрэбнага вязня — ці ён пастаянна ў ШІЗА, ці на прамзоне, ці проста адмовіць.

Паводле словаў праваабаронцы, у палажэнні аб ГНК сказана, што камісія ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю папраўчых устаноў — і гэта максімальна расплывістая фармулёўка.

— Павінна быць запісана, што наша функцыя — назіранне за выкананнем правоў зняволеных. А нам спрабуюць прыпісаць кантроль менавіта над папраўчай установай. Нам могуць паказваць, што ў іх ёсць вытворчасць, нейкія бухгалтарскія рахункі, даваць справаздачу за гаспадарчую дзейнасць. Увогуле — поўнае глупства, — распавядае Бухель.

Праваабаронца сцвярджае, што абсурд палажэння пра ГНК разумеюць нават у Міністэрстве юстыцыі. Там ходзяць кулуарныя размовы, што сітуацыя магла б выправіцца, калі б папраўчыя ўстановы перадалі з ведамства Дэпартамента выканання пакаранняў якраз да Мінюсту. Але гэта — занадта далёкая перспектыва.

Нягледзячы на ўсе праблемы, Барыс Бухель верыць, што стан рэчаў можна паправіць. У лютым-сакавіку 2020 года павінен адбыцца семінар-нарада па пытаннях функцыянавання пенітэнцыярнай сістэмы з удзелам чыноўнікаў і замежных дыпламатаў. Менавіта там праваабаронца спадзяецца атрымаць падтрымку ўласных ідэй: пісьмовае палажэнне аб ГНК, выразныя паўнамоцтвы камісіі і нацэленасць на кантроль менавіта за выкананнем правоў зняволеных.

Калі ж гэтага не адбудзецца, Бухель «вясельным генералам» быць не збіраецца:

— Легітымізаваць глупства і імітацыю бурнай дзейнасці ўладаў і ДВП я не буду. Калі прыйдзецца пляснуць дзвярыма з ГНК — так таму і быць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: