Слонім і Дзятлава засталіся ў навальніцу без электрычнасці

Стыхія пашкодзіла дахі 56 жылых дамоў. На Брэстчыне дрэвы паваліліся на чыгунку і паветраныя лініі электраперадачы. Затрымка руху сямі пасажырскіх цягнікоў склала ад 29 хвілін да 1 гадзіны 53 хвілін.

Фота: pixabay.com

Увечары 29 чэрвеня ў Беларусь прыйшоў навальнічны фронт з парывістым ветрам. Парывы дасягалі 22 метраў за секунду

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ад стыхіі пацярпелі 11 населеных пунктаў у чатырох раёнах Гродзенскай вобласці і ў двух раёнах Мінскай вобласці. З 18.25 да 00.29 без электрычнасці заставаліся гарады Слонім і Дзятлава на Гродзеншчыне. Для аб'ектаў першай катэгорыі ўключылі сілкаванне ад рэзервовых крыніцаў.

Стыхія пашкодзіла дахі 56 жылых дамоў (13 адноўленыя), двух аб'ектаў сацкультбыту і чатырох сельскагаспадарчых будынкаў. Вецер паваліў 58 дрэваў. Найбольшая колькасць такіх выпадкаў зафіксаваная на Брэстчыне — 33, на Гродзеншчыне — 15 выпадкаў, Міншчыне — 9, у Мінску — 1 выпадак. Пашкоджаныя тры легкавыя аўтамабілі.

У Кобрынскім і Бярозаўскім раёнах Брэстчыны дрэвы паваліліся на чыгунку і паветраныя лініі электраперадачы. Затрымка руху сямі пасажырскіх цягнікоў склала ад 29 хвілін да 1 гадзіны 53 хвілін.

Пацярпелых ад стыхіі няма. Вядуцца аднаўленчыя работы.

Паводле звестак ДВА "Белэнерга", на працягу сутак на тэрыторыі краіны перыядычна парушалася электразабеспячэнне 814 населеных пунктаў, з іх 449 — у Гродзенскай вобласці.

Па стане на 6-ю гадзіну раніцы 30 чэрвеня без электрычнасці заставаліся 95 населеных пунктаў.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: