Слонім: тры заяўкі — тры адмовы

Сёння слонімцы атрымалі трэці адказ з райвыканкама на заяўку аб правядзення 23 сакавіка ў гарадскім парку мітынгу, прысвечанага Дню Волі.



Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Шых адмовіў у мерапрыестве, маўляў, не ўказалі, у якім гарадскім парку будзе праводзіцца мітынг, бо ў Слоніме аказваецца ажно два паркі: па вуліцы Опернай у цэнтры горада і на Паркавай вуліцы (мікрараён “Альбярцін”).

Такі адказ вельмі здзівіў сябраў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, бо ў Слоніме няма аніводнага парка. Ёсць наберажная канала Агінскага на Опернай вуліцы і сквер каля палаца Пуслоўскіх у Альбярціне. Тым не менш, у мітынгу адмоўлена.

Такім чынам, сябрам Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл адказалі адмоўна на тры заяўкі: не далі памяшкання для напісання беларускай дыктоўкі, не прадаставілі памяшкання для ўрачыстага сходу з нагоды 95-годдзя БНР і забаранілі праводзіць мітынг.

Але ўрачыстасці з нагоды Дня Волі, па словах кіраўніка Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Івана Шэгі, у Слоніме адбудуцца.
spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!