Слонімцы хочуць перайменаваць плошчу Леніна

Жыхары Слоніма пачалі збор подпісаў пад зваротам у Слонімскі райвыканкам і Слонімскі раённы Савет дэпутатаў наконт перайменавання плошчы Леніна на Тэатральную плошчу. 
У звароце слонімцы просяць бліжэйшым часам на пасяджэнні раённай тапанімічнай камісіі разгледзець іх просьбу і падтрымаць. Справа ў тым, што ў Слоніме сёлета адбудзецца рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства і друку. Да гэтага свята мяркуецца адкрыць помнік былому слонімскаму старосту Льву Сапегу.

Устаноўка помніка запланавана ў скверыку на плошчы Леніна насупраць драматычнага тэатра. Помнік Сапегу – на плошчы Леніна, гучыць зусім недарэчна, тым больш што Ленін ніякага дачынення да гісторыі Слоніма і Беларусі наогул не мае. Пры Льву Сапегу пры храмах старажытнага Слоніма існавалі тэатры, потым палац Сапегі Міхал Казімір Агінскі пераабсталяваў пад свой тэатр. Зараз працуе ў цэнтры горада дзяржаўны драматычны тэатр.

Як бачыце, тэатральныя традыцыі працягваюцца. Таму сама плошча Леніна просіцца стаць Тэатральнай. Аўтобусны прыпынак “Тэатральная плошча” – будзе своеасаблівай рэкламай тэатру, а плошча – візітоўкай Слоніма, як гістарычнага і культурнага цэнтру Заходняй Беларусі. Далей у звароце паведамляецца:

“Перайменаванне плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу не патрабуе вялікіх выдаткаў. Слонімцы спакойна перайменавалі плошчу Горкага ў плошчу Льва Сапегі, вуліцу Энгельса ў вуліцу Оперную, вярнулі старую назву вуліцы Ружанскай і ўсё абыйшлося культурна і ціха. Таму верыцца, што наша прапанова па перайменаванні плошчы Леніна ў Тэатральную плошчу, будзе абавязкова падтрыманая. І гэта паспрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу Слоніма і прынясе карысць усім слонімцам”. Бліжэйшым часам зварот з подпісамі слонімцаў будзе перададзены ў Слонімскі райвыканкам і Слонімскі райсавет.


Паводле racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!