Слонімшчына дэмакратычная. Трыццаць гадоў гісторыі пад адной вокладкай

 Напрыканцы мінулага года свет пабачыла кніга-хроніка слонімскага грамадскага актывіста Івана Бедкі «Дэмакратычны рух на Слонімшчыне: 1989-2019».

Слонімшчына — адзін з самых актыўных і дзейсных рэгіёнаў на Гарадзеншчыне. Найбольшую актыўнасць праяўляюць дэмакратычныя партыі, арганізацыі, асобныя грамадзяне. Менавіта ў Слоніме сёння выдаецца адна дэмакратычная газета, якая выжыла ў параўнанні з тымі, якіх даўно няма. А былі выданні ў Гародні, Смаргоні, Ваўкавыску, Наваградку і ў іншых рэгіёнах Гарадзенскай вобласці. Але яны ўжо не існуюць, іх ліквідавалі. Выходзіць толькі «Газета Слонімская», якая на сваіх старонках праўдзіва адлюстроўвае тое, што адбываецца ў жыцці не толькі слонімцаў, але і ў Зэльве, Дзятлаве, Мастах. На старонках газеты свае думкі можа выказаць любы жыхар і чытач Гарадзеншчыны, распавесці пра нешта добрае і светлае, пра свае праблемы і цяжкасці. Слонімцы любяць «Газету Слонімскую», чытаюць, набываюць, абмяркоўваюць розныя публікацыі, цікавяцца яе лёсам.

А на розных слонімскіх сайтах кожны можа выказаць свае думкі пра наша няпростае і складанае жыццё.

У Слоніме сёння актыўна працуе згуртаванне дэмакратычных сіл, куды ўваходзяць сябры розных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Існаваў зусім нядаўна і Слонімскі грамадскі цэнтр, які быў створаны доктарам Іванам Шэгам (1953-2016). Падчас стварэння грамадскага цэнтра, адбываліся розныя брыфінгі і сустрэчы для журналістаў. Тады было адзначана, што Слонімскі грамадскі цэнтр — гэта не новая арганізацыя, гэта новая стратэгія дэмакратычнай супольнасці Слоніма, накіраваная на супрацоўніцтва грамадзян з мясцовай уладай для ўстойлівага развіцця грамадства.

Чатыры гады існавала ў Слоніме і інфармацыйна-кансультацыйная ўстанова «Шэгамедкансульт», зарэгістраваная вясной 2012 года з мэтай правядзення інфармацыйных кампаній па здароваму ладу жыцця і ажыццяўленню кансультацыйнай дапамогі насельніцтву. Вёў гэтую установу вядомы ў Слоніме і па-за яго межамі доктар і грамадскі актывіст Іван Шэга. На вялікі жаль, у пачатку кастрычніка 2016 года яго не стала. Івану Шэгу было толькі 63 гады. У апошнія дваццаць гадоў ён актыўна займаўся палітыкай, з’яўляўся сябрам Сойму партыі БНФ, яго хваляваў лёс Беларусі і свайго народа. Свае разважанні і думкі пра лёс краіны ён выказаў і паспеў выдаць асобнай кнігай «Пра краіну і пра нас», якая ў 2016 годзе выйшла з друку ў Мінску. У 2016 годзе Іван Шэга таксама прымаў удзел у выбарах дэпутатаў. Нягледзячы на хваробу, быў заўсёды пазітыўна настроены.
Чытайце таксама:

Іван Шэга. У пошуках праўды


Смерць Івана Шэгі аказалася вялікай стратай для ўсіх дэмакратычных сіл не толькі Слонімшчыны, але і Беларусі. Тым не менш, жыццё працягваецца і дэмакратычная супольнасць Слонімшчыны яшчэ мацней аб’ядналася дзеля добрых спраў на карысць Бацькаўшчыны.

Цікавым і запамінальным да сённяшніх дзён застаўся ў Слоніме спартыўны турнір па міні-футболе сярод школьных камандаў на прыз, прысвечаны наданню Слоніму Магдэбургскага права, які адбыўся ў 2015 годзе. Турнір арганізаваў слонімец Павел Севясцьян. Падобны турнір, звязаны з Магдэбургскім правам, у горадзе над Шчарай праводзіўся ўпершыню. Перад яго пачаткам юным футбалістам і трэнерам распавялі пра Магдэбургскае права, пра наданне яго Слоніму ў 1531 годзе і якое значэнне гэта мела для горада і яго жыхароў. Штогод грамадскія актывісты Слонімшчыны і Беларусі ўшаноўваюць у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830 года Міхала Валовіча. Наогул, слонімцы і сябры Слонімскага грамадскага цэнтра шмат увагі аддаюць гісторыі роднага краю, яе даследаванню, ушанаванню вялікіх асобаў слонімскай зямлі.

У 2016 годзе сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл арганізавалі і правялі гісторыка-краязнаўчую віктарыну, прысвечаную гісторыі Беларусі і Слонімшчыны. Мэта віктарыны — зацікавіць маладзейшае пакаленне гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны, сваёй маленькай радзімы. Да віктарыны былі падрыхтаваны пытанні па гісторыі Слонімшчыны і Беларусі. Іх змясцілі на сайтах, а потым слонімцы дасылалі свае адказы. Адказы былі розныя, але, што цікава, вельмі шмат правільных. Кампетэнтнае журы вызначыла лепшыя і ўзнагародзіла пераможцаў.
 
У нядзелю 23 кастрычніка 2016 года ў Слоніме ў мікрараёне Энка адбылося ўрачыстае адкрыццё крыніцы, пасля яе рэканструкцыі. Справа ў тым, што жыхары мікрараёна звярнуліся ў Слонімскі грамадскі цэнтр з прапановай рэканструяваць і аздобіць крыніцу, якая знаходзіцца ў межах горада на вуліцы Косаўскі тракт. Сябры грамадскага цэнтра падтрымалі прапанову і звярнуліся ў жыллёва-камунальную гаспадарку горада даць дазвол на добраўпарадкаванне гарадской крыніцы. Адказ быў станоўчы.

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл правялі і праводзяць шэраг іншых розных сустрэч, канферэнцый, маніторынгаў, прэзентацый, гуманітарных дапамог, акцый. Пра ўсё гэта чытачы даведаюцца з кнігі-хронікі слонімскага грамадскага актывіста Івана Бедкі «Дэмакратычны рух на Слонімшчыне: 1989-2019», якая напрыканцы мінулага году пабачыла свет у Мінску. Пра сваю кнігу Іван Бедка сказаў: «На працягу трыццаці гадоў я ўсе добрыя справы слонімцаў занатоўваў, збіраў выразкі з газет, фотаздымкі, пісьмовыя адозвы і позвы ў суды, адказы з дзяржаўных арганізацый, хто нам забараняў праводзіць мітынгі, пікеты і сустрэчы. Не ўсё, вядома ж, я захаваў і запісаў. Але тое, што збераглося, і лягло ў аснову майго выдання, якое насамрэч з’яўляецца пэўным дакументам дэмакратычнага руху на Слонімшчыне ў 1989-2019 гадах, яно і застанецца ў нашай гісторыі. А хто з цягам часу паспрабуе маю хроніку падзей на Слонімшчыне дабавіць, то я буду толькі рады».

Іван Бедка

Іван Бедка

Аўтар кнігі Іван Бедка з 1991 года далучыўся да палітычнай дзейнасці. Быў сябрам і кіраўніком Слонімскай арганізацыі БНФ. У 2009 годзе перайшоў у БХД. З’яўляецца каардынатарам партыі БХД у Слоніме. За актыўную грамадскую дзейнасць шмат разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Адсядзеў 15 сутак у ізалятары «Акрэсціна» за Плошчу-2010.

Чытайце таксама пра Івана Бедку:

Грамадскі актывіст, які пляце кошыкі



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: