Слова аб Ігары. Жалязоўскі не быў жалезным

Некалькі думак з нагоды заўчаснай смерці легендарнага чэмпіёна.

Лічыцца, што Орша — гэта горад, дзе ёсць тры турмы і адкуль выйшлі ў вялікі свет Уладзімір Караткевіч і Ігар Жалязоўскі. Першы — славуты пісьменнік, геніяльныя творы якога павінен ведаць любы самадастатковы беларус. Другі — выбітны канькабежац, шасціразовы чэмпіён свету, дасягненні якога назаўжды ўвайшлі ў легендарыум беларускага спорта.

Аршанец Караткевіч пражыў зусім нядоўга — памёр у Мінску ў 53. Аршанец Жалязоўскі перажыў земляка-класіка ненамнога. Ён сышоў з жыцця ў Маскве ў суботу, 12 чэрвеня, і яму было толькі 58.

Сказаць нешта новае пра вялікага чэмпіёна з сумнай нагоды яго смерці — не тое што цяжка, а і немагчыма. Бо ў век, калі ў 90 адсоткаў інтэрнэт-карыстальнікаў сярод закладак ёсць вікіпедыя, а 100 адсоткаў умеюць працаваць з гуглам і яндэксам, вывучэнне аб’екта лепей пакінуць самому суб’екту. І хай ён сам, калі дагэтуль не ў тэме, спасцігне шляхі і ростані гэтага канькабежнага фенамену.

Хай прачытае пра тыя шэсць залатых медалёў ЧС. Пра пяць вызнанняў спартсменам года ў Беларусі. Пра драму жыцця — так і не выйграную Алімпіяду — да чаго, зрэшты, сам спрынтэр навучыўся ставіцца з філасофскім спакоем. Пра безпаспяховыя паслякар’ерныя спробы паслужыць айчыннаму спорту ў якасці мэнэджара. Пра ад’езд у Маскву, дзе ў заслужанага майства спорту праклюнулася зайдросная бізнэсовая жылка.

Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім.

Непазбыўным спадарожнікам жыцця Ігара Жалязоўскага было менавіта гэта — пераадольванне.

Як увогуле можна стаць лепшым канькабежцам свету, нарадзіўшыся ў Оршы, дзе лёд бачылі толькі зімой на мясцовых сажалках? Ну неяк так — шчасліва патрапіць на вочы мясцоваму трэнеру-энтузіясту, які разгледзіць талент і дапаможа з трэніроўкамі ў далёкім і марозным Чалябінску. Сам Жалязоўскі плён ад таго перыяду не перабольшваў — хіба толькі ўзгадваў, што на чужыне ў яго скралі новенькую нейлонавую куртку і вяртацца ў родны горад давялося «ў цыгейкавым паліто з жудасным каўняром, такія насілі дзеці вайны, як на фотаздымках саракавых».

Але ж тут важна само стаўленне — сістэма савецкага спорту ўмела безпамылкова знаходзіць самародкі і ствараць для іх умовы дзеля самарэалізацыі.

Суцэльным пераадольваннем была і сама кар’ера, бо ідэалізаваць спорт саюзных часоў могуць толькі людзі, захраснуўшыя ў саўку. Так, ён шмат даваў — і славу, і грошы, і персанальную ўвагу генсекаў, але яшчэ больш браў — бо бачыў у людзях перш за ўсё рэсурс, з якога патрэбна выціснуць максімум. Выціскалі так, што на кожнага, хто выплыў, прабіўся наверх, прыходзіліся дзясяткі адбракаваных і выкінутых.

Так гэта працавала, і аршанец Жалязоўскі гэта прайшоў — ён выплыў і прабіўся, хаця здароўя, вядома, гэта не дадало.

Пераадольваннем сталіся і ўсе нястройныя экзерсісы ў іпастасі спартыўнага чыноўніка ўжо суверэннай Беларусі. Спачатку ў Мінспорта, потым у профільнай федэрацыі і на чале Паралімпійскага камітэту. Ён шмат працаваў, да яго была павага і ў яго былі поспехі. Але наяўнасць уласнага меркавання і галоўнае — уменне яго выказваць і адстойваць — гэта не самае жаданая падрабязнасць у асабістым рэзюмэ дзяржслужачага пасля 1994 года. У гэтым пераадольванні Ігар Жалязоўскі поспеху не дасягнуў і, марна пагрукаўшыся ў глухую сцяну колькі год, сышоў. Спачатку з вертыкалі, а затым і з Беларусі, балазе паспела прапанова кардынальна змяніць курс і ўліцца ў рэспектабельны маскоўскі бізнес.

Імаверна, што дапытлівае вывучэнне дзяржаўных лабірынтаў у выніку зрабіла з яго паслядоўнага крытыка сістэмы — і не толькі спартыўнай яе часткі. Хаця раздзяляльную рысу тут паспрабуй правядзі. Бо павага да БЧБ-сцяга — гэта ж не толькі схільнасць Жалязоўскага-бізнесоўца да перамен, але і ўспамін пра Жалязоўскага-сцяганосца на Алімпіядзе-1994 у Лілехамеры.

Ён ніколі не быў эпатажным і тым больш не ўсчыняў медыя-скандалаў. Эвалюцыя яго светапогляду — шлях роздуму і здольнасці бачыць рэчаіснасць у некалькіх вымярэннях.

Гэта пра сябе маладога ён казаў: «Напэўна, я быў правільным спартсменам. Калі мне ў юнацтве ўпершыню выдалі экіпіроўку зборнай СССР, я паўвечара правёў каля люстэрка. Круціўся і так, і сяк, і бокам, і са спіны, як там літары — нармальна бачныя? Гордасць да якая! Трапіў у зборную Савецкага Саюза!»

А гэта Жалязоўскі сталы, бацька траіх дзяцей, дзед дзвюх унучак, гаспадар кіраўнічага кабінета ў неабсяжным хмарачосе на «Масква-Сіці»: «Я стаяў на п’едэстале пад бел-чырвона-белым сцягам, ганарыўся, што прынёс золата сваёй краіне. Праз год — срэбра ў Лілехамеры. Наш гістарычны сімвал, навошта ад яго адмаўляцца? Гэта якраз і ёсць спрадвечны сцяг беларусаў. Мы з ім паўтысячы гадоў, як можна ігнараваць? Якая б ні была палітыка, хто б ні быў ва ўладзе, гістарычныя атрыбуты кранаць нельга. Ну, што цяперашні чырвона-зялёны? Толькі як напамін пра СССР, паводле шаблону намалявалі ўсім рэспублікам. Але ж гэта не пачатак Беларусі. Няўжо нехта сур’ёзна лічыць, што для нас усё пачалося толькі ў 1917-м?»

І вось жа што цікава — між савецкім мінулым, калі насілі цыгейкавыя паліто з жудаснымі каўнярамі, і суверэннай сучаснасцю, дзе для спорта створаны «ўсе ўмовы». Прыгожы канькабежны авал у Мінску сапраўды пабудавалі — больш за дзесяць гадоў таму. Але новых Жалязоўскіх у краіне так і не знайшлі, не выгадавалі — ні ў Оршы, ні дзе-небудзь яшчэ. І беларускія канькі сёння, па сутнасці, паўтараюць шлях многіх іншых відаў, дзе саюзная спадчына памалу сышла ў нябыт, а нічога адпаведнага новага не з’явілася.

Ад чаго пайшоў з жыцця Ігар Жалязоўскі, дагэтуль дакладна невядома. Вядома толькі, што насуперак афарыстычным медыйным загалоўкам ён не быў жалезным. Зноў жа рэха катаржных трэніровак па савецкіх методыках.

«Яшчэ ў «маладзёжцы» мяне так выкруцілі, што са спортам можна было заканчваць. Перанапружанне сэрца першай або другой ступені, ціск з раніцы стабільна 140 на 110. Яно, дарэчы, такім і засталося, зараз толькі з дапамогай медыцынскіх прэпаратаў і трымаю сябе», — казаў ён у мінулым годзе. Узгадваў: «Тагачасны галоўны трэнер грузіў спартсменаў з прымаўкамі і прыказкамі. «Добрае сэрца вытрымае, а дрэннага не шкада». «Галава не дупа, завяжы і ляжы».

Яно, вядома, адбілася. А тут яшчэ Маскву накрыла чарговая каронавірусная навалач — так што расійская сталіца, ставячы ўсё новыя рэкорды заражэння, паступова сыходзіць у лакдаўн. Ці спрычынілася пандэмія, мы, зрэшты, ведаць не можам. Яшчэ напярэдадні смерці, кажуць тыя, хто трымаў сувязь, Ігар Жалязоўскі з’яўляўся ў анлайн-мэсенджарах у 13.38. А потым знік назаўсёды.

Чаму — не так гэта ўжо і важна. Бо чалавека ўсё роўна не вернеш, а чэмпіён і яго перамогі застануцца з намі назаўжды.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: