«Слова «мусар» звычайна замяняюць «смеццем». Палітвязень Алег Корбан — пра ўмовы на Валадарцы

Кіраўнік грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан выйшаў на волю 23 красавіка. За кратамі ён правёў пяць месяцаў, пасля чаго быў асуджаны на паўтары гады абмежавання волі. Сёння ён тэзісна распавёў аб умовах утрымання зняволеных у сталічным СІЗА на вуліцы Валадарскага. 
— Улічваючы, што многія ў дакладнасці не ўяўляюць, што сабой сёння ўяўляе Валадарка, а таксама прытрымліваюцца некаторых стэрэатыпаў і чутак, якія не зусім адпавядаюць рэаліям, я падзялюся сваімі ўражаннямі побыту гэтай знакамітай ўстановы (афіцыйна — гэта СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама), — напісаў Алег Корбан на сваёй старонцы ў фэйсбуку. —

Для пачатку адзначу, што ў самой гістарычнай крэпасці 1825 года ўжо з 2009 года ніхто не сядзіць. Аднак магчымасць наведаць замак ёсць у кожнага — праход зняволеных на шпацыр, а таксама непасрэдна ўваход у і выхад з турмы, ажыццяўляецца толькі па яго ніжнім ўзроўні. Там жа размешчаны адсек захоўвання і выдачы матрацаў, таксама можна наведаць старадаўнюю камеру, абсталяваную пад склад рэчаў зняволеных. Тут можна разгледзець старажытныя каменныя аркі і сцены, пабачылі многіх на сваім вяку праржавелыя нары.

- Усіх вязняў турмы размяшчаюць у карпусах, пабудаваных збоку ад замка (гэта 2-х павярховыя цагляныя пабудовы з дадатковым падвальным паверхам);

- на тэрыторыі СІЗА па сённяшні дзень прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Пра тое, дзе менавіта і калі расстрэльваюць, ніхто са зняволеных не ведае. Як мяркуецца, гэта адбываецца ў пабудове за былой стайняй;

- у камерах няма халадзільнікаў (сала, сыр і масла захоўваюць за кратамі або на падлозе пад нарамі); у многіх камерах з лютага сталі адбіраць тэлевізары, што павялічыла інфармацыйную блакаду і ізаляцыю ад усяго таго, што адбываецца ў краіне і свеце;

- дзіўна, але ў СІЗА няма перанаселеных камер, на сённяшні дзень месцаў хапае ўсім. Самыя вялікія хаты на 24 месцы, ва ўсіх па 2 і 3 ярусы. Усяго на Валадарцы цяпер знаходзіцца каля 800-850 чалавек (кажуць, што агульная змяшчальнасць складае прыкладна 1000 чалавек);

- у СІЗА ўсяго 101 камера, плюс некалькі дадатковых хат для смяротнікаў (102, 103), 3-4 карцэры. Самыя горшыя ўмовы ўтрымання — падвальныя камеры корпуса Шанхай, дзе ў многіх прыкметна пагаршаецца здароўе;

- сталыя жыхары турмы — мышы, пацукі, прусакі, павукі. Існуе такое меркаванне, што ўсе грамадзяне, хто знаходзіцца тут пад вартай — гэта ўсё толькі госці турмы, а вось гэтых пастаянных жыхароў турбаваць як бы нельга, гэта іх дом;

- па патрабаванні зняволенага, СІЗА бясплатна прадастаўляе брытвавыя станкі, зубную шчотку і пасту. Таксама па просьбе выдаюць нажніцы, іголку і нітку, машынку для стрыжкі;

- кожны дзень вязняў выводзяць на 1,5 гадзінную прагулку ў невялікія прагулачныя дворыкі. Перасекчыся з іншымі там нельга, бо кожную камеру размяшчаюць у асобны дворык. Некаторых зняволеных водзяць на такую шпацыр ў кайданках;

- тут няма як у Жодзіне гадзіны так званай патрыятычнай песні, хапае таго, што з радыёвузла з унутранага двара гучыць радыё (звычайна ўсіх забаўляе «Рускае радыё»);

- карэспандэнцыю прыносяць 5 раз у тыдзень, і гэта самае доўгачаканая і прыемная падзея абсалютна ва ўсіх зняволеных. Сумна, але па «дзіўным збегу абставінаў» многія лісты ў рукі не даходзяць... Больш шанцаў быць дастаўленым адрасату маюць паштоўкі. І гэтым пакуль можна карыстацца;

- за 3 парушэнні дысцыпліны накіроўваюць у карцэр тэрмінам да 15 дзён. Ад такой долі жанчыны і непаўналетнія не вызваляюцца (для апошніх ёсць асобнае памяшканне);

- кубкі — алюмініевыя, без ручак. Каб трымаць іх у руках даводзіцца рабіць своеасаблівыя вілкі, прыстасоўваць кавалкі тканіны і г.д. Акрамя кубкаў іншага посуду ў хаце няма;

- у душ водзяць 1 раз на тыдзень, час на камеру даецца ад 15 да 45 хвілін;

- рэчы на мыццё не прымаюцца. У камеры ёсць тазік, у ім і сціраюцца. Памытае развешваецца на самаробныя вяроўкі (іх вырабляюць з цэлафанавых пакетаў ад хлеба), батарэю. Падчас праверак і абыходаў правяраючых, вопратку здымаюць,бо развешваць у камеры па правілах нічога нельга;

- калі ідуць у туалет, як правіла, запальваюць кнот з паперы ці цыгарэту. Таму цыгарэты часта патрэбныя нават не паліць. Туалетны квадрат ва ўсіх камерах абгароджаны сценкай, дзесьці ёсць нават паўнавартасныя дзверы. У некалькіх камерах ёсць нават гарачая вада (палітычных там, вядома ж, не трымаюць);

- сілкаванне 3-х разавае. Раніцай — каша (грэчка, пярлоўка, аўсянка, рыс). Днём даюць суп, макароны з мясам, кісель, а на вячэру — бульбачка з рыбай (вараная альбо смажаная). Таксама з 1 красавіка двойчы на тыдзень сталі даваць вараныя яйкі;

- перадачы, пасылкі, грашовыя пераводы даходзяць цудоўна, усё адпраўленае з волі сардэчна паступае без асаблівых страт;

- памятаю, як адзін грамадзянін Расіі, які трапіў сюды за злачынства 25-гадовай даўніны, вельмі здзіўляўся таму, што ў нас усё так строга і нельга тэлефанаваць на волю. Сапраўды, гэта тут нерэальна. Нават у дзяжурных супрацоўнікаў няма пры сабе мабільных тэлефонаў;

- што тычыцца персаналу Валадаркі, то ён больш цывілізаваны, чым іх калегі з Жодзінскай турмы. Гэта прыкметна ў розных дробязях. Яшчэ адна асаблівасць — сярод дзяжурных ва ўсіх карпусах шмат маладых жанчын;

- штодня раніцай і ўвечары адбываецца абыход усіх камер, дзе дзяжурны па камеры робіць даклад. Асабіста я яго даваў на беларускай мове, і ніякіх супярэчнасцяў у корпусных па гэтым не ўзнікала. І яшчэ: слова «мусар» яны імкнуцца не ўжываць, яго звычайна замяняюць «смеццем»;

Валадарка, нягледзячы на свае не самыя лепшыя характарыстыкі, па ўмовах утрымання будзе на парадак вышэй, чым турма ў Жодзіне, і сумна вядомае СІЗА КДБ.

PS. Памятайце і падтрымлівайце тых, хто ўсё яшчэ там!!!

Нагадаем, Алег Корбан у зняволенні знаходзіўся ад 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку ён адбыў 15-суткавы арышт за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі, а пасля яго перавялі на Валадарку як абвінавачанага па крымінальнай справе. Алега судзілі зактырым судом па ч. 1 і 2 артыкула 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх». Прысуд — паўтара года абмежавання волі. Дагэтуль невядома, «хатняя» ў яго «хімія» ці не. 



Корбан у зняволенні знаходзіўся ад 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку ён адбыў 15-суткавы арышт за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі, а пасля яго перавялі на Валадарку як абвінавачанага па крымінальнай справе. Алега судзілі па ч. 1 і 2 артыкула 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх». Прысуд — паўтара года абмежавання волі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: