Слуцк: ці размаўляць пратэстоўцам з кіраўніцтвам горада?

У Слуцку, як і ў большасці рэгіёнаў, кожны дзень працягваюцца народныя сходы і ланцугі салідарнасці.

“Сыходзь”, “Трыбунал”, “Жыве Беларусь!” — гэтыя лозунгі — ужо сталі прывычнымі ў горадзе, як і бел-чырвона- белыя сцягі. 17 жніўня падчас народнага сходу ўпершыню прагучаў гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Тады ж абмяркоўвалася прапанова кіраўніцтва райвыканкама сустрэцца з 20-цю актывістамі народных сходаў.

Такая прапанова вызвала адмоўную рэакцыю у большасьці прысутных. 18 жніўня кіраўнік райвыканкама з прадстаўнікамі РАУС і пракуратуры дарэмна чакалі прадстаўнікаў ад народных сходаў. А пятнаццатай гадзіне за “круглым сталом” сядзела толькі адна маладая жанчына, якая прыйшла распавесці пра сваё бачанне сітуацыі. На радасць кіраўніка райвыканкама, яна выказала нездавальненне тым, што случчане, маўляў, пасля Марша свабоды асмеліліся размясціцца на плошчы ды яшчэ прымацаваць на дзвярах райвыканкама сцяг.

Мясцовыя журналісты вялі стрым з гэтай дзіўнай сустрэчы. Устрывожаныя такой правакацыяй, двое актыўных удзельнікаў мірных пратэстаў пасля прагляду некалькі хвілін стрыму прыбеглі ў райвыканкам. Яны папярэдзілі старшыню райвыканкама Андрэя Янчэўскага, што стварэнне ініцыятыўнай групы яшчэ толькі вядзецца і адзіночныя грамадзяне аніяк не прадстаўляюць інтарэсы і патрабаванні пратэстуючых. Адна з актывістак, Наталля Масюк, зачытала зварот да членаў выбарчых камісій аб прызнанні фальсіфікацый і напісанні яўкі з павіннай.

Калі начальнік Слуцкага РАУС Аляксандр Голікаў распавёў аб тым, што міліцыянты падчас затрыманняў паводзілі сябе карэктна, карэспандэнт НЧ звярнула ўвагу пракурора на гісторыю затрымання Рамана Караневіча, які знаходзіцца ў СІЗА з траўмаваным пазваночнікам і паламанымі рабрынамі. Аляксандр Голікаў спрабаваў апраўдаць міліцыянтаў тым, што затрыманы нібыта першы напаў на супрацоўніка РАУС.
А 18-й гадзіне случчане зноў выстраіліся ў ланцуг уздоўж цэнтральнай вуліцы Леніна непадалёку ад будынка райвыканкаму.

Ці трэба весці перамовы з кіраўніцтвам райвыканкама? — Такое пытанне было зададзена адной з удзельніц ланцуга, жыхарцы Слуцка Ірыне Сурмень.

Трэба схадзіць хаця б адзін раз. Але каб у ініцыятыўнай групе былі сурьёзныя людзі, не абы-хто з вуліцы, — гаворыць Ірына. — Каб маглі перадаць патрабаванні, нават паспрабаваць крыху распрапагандаваць кіраўніцтва. Бо сёння мне было сорамна слухаць стрым. Але сорамна павінна быць і кіраўніцтву райвыканкаму, які людзі фактычна абвіняюць у фальсіфікацыі выбараў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: