Слуцкае ТБМ павіншавала 20 устаноў з Днём роднай мовы

Слуцкае таварыства беларускай мовы павіншавала 20 устаноў горада з міжнародным Днём роднай мовы.

У самаробным віншавальным лістку сябры ТБМ звярнуліся да кіраўніцтва і супрацоўнікаў дваццаці дзяржаўных і недзяржаўных устаноў з просьбай зладзіць мерапрыемствы па пашырэнні беларускай мовы ў дзейнасці слуцкіх арганізацый.


Слуцкі сыраробчы камбінат, камбінат хлебапрадуктаў, воцатны, цукровы і іншыя мясцовыя заводы атрымаюць, апрача віншавання, пажаданне ажыццяўляць маркіроўку прадукцыі з інфармацыяй для пакупнікоў на дзвюх дзяржаўных, альбо толькі на адной беларускай мове.


 — У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, — гаворыць адзін са складальнікаў віншавальнай паштоўкі Мікалай Зыкаў. — Але ў гэты дзень галоўным аб’ектам увагі становіцца мова тытульнай нацыі — беларуская. У Слуцку шмат заводаў, якія выпускаюць прадукцыю, што карыстаецца попытам у насельніцтва.

Чаму б ні прачытаць пра прадукцыю этыкеткі воцатнага або цукровага заводу па-беларуску? Гэта б было адным з спосабаў выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённасці.


У звароце да кіраўніцтва КУП “Слуцкая ЖКГ” сябры таварыства просяць беларусізаваць указальнікі вуліц і шыльды з назвамі вуліц горада, каб пашырыць сферу ўжывання беларускай мовы ў грамадскай прасторы.


Не абышлі ўвагай у віншавальных паштоўках Слуцкі РАУС, кіраўніцтва Слуцкага райвыканкама і аддзелы ідэалогіі і адукацыі. Ім таксама прапанавана ажыццяўляць беларусізацыю сваёй дзейнасці, паколькі “нацыянальная мова з’яўляецца найважнейшай каштоўнасцю любога народа, а ахова мовы — абавязак як дзяржавы, так і грамадства”.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!