Слуцкія актывісты — супраць разбурэння будынка старой забудовы

Ужо другі дзень незалежная прэса Слуцка і грамадскія актывісты занепакоены тым, што ў цэнтры горада разбураецца адзін з будынкаў старой забудовы.

Гэты будынак да знаходзіўся на балансе філіяла «Белтэлекам», зараз яму патрэбны рамонт, на які арганізацыя не хоча выдаткоўваць сродкі, а гораду (гарадскім уладам) ён непатрэбны.


Краязнаўца Ігар Ціткоўскі, аўтар кніг па архітэктуры Слуцка, лічыць, што гэтаму будынку ўжо больш за 100 гадоў. Пабудаваны ён з мясцовай цэглы з надпісамі «Бязверхавічы», з якіх ажыццяўлялася мясцовае будаўніцтва дамоў да рэвалюцыі. Краязнаўца лічыць, што такі будынак трэба захаваць, паколькі будынкаў старой забудовы ў горадзе няшмат. І вось гэтую рэальную памятку гісторыі знішчаюць на вачах ў гараджан ў некалькіх кроках ад райвыканкама.


17 кастрычніка ўжо былі выдраны вокны, дзверы, паламаны палы. Пачалося знішчэнне прыбудоўкі. Паколькі ніякага папярэднягя абмеркавання пра лёс будынка не было, для слуцкіх грамадскіх актывістаў такое паскоранае знішчэнне гісторыі было непрыемнай навіной. 18 кастрычніка каля дзесятка людзей звярнуліся ў філіял «Белтэлекам» і да старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага аб прыпыненні разбурэння будынка.


Па інфармацыі Зінаіды Цімошак, кіраўнік «Белтэлекам» і старшыня райвыканкама нават адмовіліся размаўляць з людзьмі і даць хоць нейкую інфармацыю аб прычынах разбурэння дома.
Зінаідзе Цімошак, Аліне Нагорнай і Ігару Случаку ўдалося пакінуць у гэтых арганізацыях запісы ў Кнізе заўваг і прапаноў аб спыненні разбурэння будынка старой забудовы. Таксама 11 чалавек звярнуліся з калектыўным зваротам да старшыні райвыканкама Андрэя Янчэўскага з заклікам спыніць разбурэнне будынка.
83-х гадовы Анатоль Богуш, адзін з падпісантаў калектыўнага звароту, быў вельмі здзіўлены тым, як у райвыканкаме сустрэлі людзей.

— Такое адчуванне, што наведвальнікам райвыканкама прыходзіцца пераадольваць своеасаблівыя лініі абароны, за якімі заселі кіраўнікі горада, — распавёў пенсіянер. — Спачатку ўнізе паказваеш пашпарт міліцыянту-ахоўніку і праходзіш праз круцёлку з абавязковым запісам кабінета, пасля ў прыёмнай сакратарка няветліва просіць пакінуць кабінет, паколькі ў старшыні непрыёмны дзень. Будынак могуць разбурыць ужо сёння, а нам параілі прыйсці праз некалькі тыдняў. Затым трэба яшчэ адчыніць двое цяжкіх дзвярэй.


Па сведчанні мужчыны, прарвацца праз тыя дзверы ўдалося толькі старшыні мясцовага ТБМ Зінаідзе Цімошак, доўга яна там не паразмаўляла — «непрыёмны дзень». З прыёмнай старшыні райвыканкама людзі выходзілі ў суправаджэнні «ганаровай варты» ахоўніка, якую ўсё ж выклікала пільная сакратарка.
Ці будзе плён ад такога пахода па кабінетах, пакуль невядома. Па словах Зінаіды Цімошак, на яе просьбу спыніць разбурэнне старой забудовы, старшыня Андрэй Янчэўскі аб’явіў яе «хуліганкай» і кінуў дадаткова толькі некалькі слоў: «Если нужно остановить — остановим».

Пакуль што толькі ўдалося выпадкова даведацца ад аднаго з рабочых, што ім як быццам зменена заданне: яны павінны поўнасцю разбурыць толькі прыбудоўку.

А пакуль створана петыцыя супраць разбурэння. Яе аўтары Аліна Нагорная і Ігар Случак.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-18 15:00:13
"А пакуль створана ПЕТЦЫЯ супраць разбурэння."

Шкада, што мяне тамака побач няма. Я б памог ім стварыць петЫцыю.

  • Тутэйшы.
  • 2018-10-18 22:02:27
У Слуцку амаль не засталося старажытнай забудовы,горад быў амаль знішчаны у другую сусветную вайну.частку пабудоў разбурылі пры савецкай уладзе,частку пры сённяшней.Трэба захаваць гэты будынак.Добра што ёсць краязнаўцы,ёсць сумленныя людзі,якія сталі на абарону будынка.Спадзяюся,што будынак застанецца,калі яго не можа утрымліваць Белтэлекам,то хай аддадуць тым установам,якім ён спатрэбіцца.А наконт таго,што ў гарвыканкам не прабіцца,то можно ўспомніть словы Леніна пра "дзекабрыстаў"."Страшно далеки они от народа",прыклад не вельмі дакладны,але словы трапныя.

Каментаваць