Слуцкія гімназісты лічаць сваёй Радзімай СНД

Вучні 6-га класа Слуцкай рускамоўнай гімназіі №1 перамаглі ў першым туры сумніўнага конкурса, які праводзіць расійскае федэральнае агенцтва па справах СНД пад назвай «Мая радзіма — СНД».


Конкурс мае назву «міжнародны», у ім прымаюць ўдзел і школьнікі з іншых беларускіх рэгіёнаў. Кіраўніцтва школы ў асобе намесніцы дырэктара па вучэбнай рабоце слуцкай гімназіі №1 Наталлі Тагіль сцвярджае, што вучні 6-га класа разам з настаўніцай рускай мовы Юліяй Савановіч самастойна прынялі ўдзел у гэтай працы.

«Усе пытанні — да парталу нацыянальнай адукацыі, — гаворыць намесніца дырэктара. — Калі там размешчаны якія-небудзь агульнаадукацыйныя міжнародныя конкурсы, мы не ў стане забараніць вучням прымаць у іх удзел».

Фактычна гэта падцвердзіла і інспектар аддзела адукацыі Галіна Пятроўская.

Міжнародны конкурс з назвай «Моя родина — СНГ», прысвечаны 25-годдзю ўтварэння СНД. З верасня 2016 года яго праводзіць федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, што пражываюць за мяжой і міжнароднаму гуманітарнаму супрацоўніцтву (Расійскае супрацоўніцтва). Адной з мэтаў з’яўляецца «возможность ведения открытого диалога со всеми, кто говорит на русском языке», «содержательное общение на русском языке, который понимается как язык поддержки, взаимопонимания и сотрудничества».

Інфармацыя пра конкурс змешчана ў адкрытым доступе, таксама на республіканскім і Мінскім абласным адукацыйных парталах. Квота для кожнай краіны — не менш 30-ці калектыўных заявак.

Публікацыя аб перамозе слуцкіх гімназістаў у першым туры конкурсу на старонках мясцовай газеты «Інфа-кур’ер» прыцягнула да сябе ўвагу і выклікала шмат негатыўных каментароў дарослых чытачоў. Асабліва негатыўна аднесліся чытачы да наступнага ўрыўка з сяброўскага паслання:

«Ребята! У нас так много общего: общая Родина — СНГ, мы говорим на общем для нас русском языке, у нас есть общие интересы, и мы уверены, общая мечта — изменить мир к лучшему! А для этого нам всего лишь нужно подружиться. Наша дружба пойдет на благо СНГ».

Некаторыя случчане палічылі, што ў дзяцей наўмысна размываецца паняцце «патрыятызм» і абвінавацілі педагогаў слуцкай гімназіі ў тым, што іхняя прафесія — «радзіму прадаваць».

Карыстальнік інтэрнэта пад нікам «Ленін – Будыст» напісаў: Ого как. Уже не удивлюсь инициативе учеников о референдуме по выходу Слуцка из состава Беларуси и присоединении к России».

Пенсіянер, былы настаўнік гісторыі Грэскай сярэдняй школы Алесь Новік выказаўся яшчэ больш рэзка і назваў ідыётамі тых настаўнікаў, якія ўдзельнічаюць ў конкурсе. «Я не веру ў тое, што дзеці 6-га класа са сваім настаўнікам самастойна маглі б ўдзельнічаць у такім ідэалагічным антыпатрыятычным спаборніцтве, — гаворыць мужчына. — Тут не абышлося без чыноўнікаў ад адукацыі больш высокага рангу. Здзіўляе, што слуцкія педагогі былой славутай гімназіі, якую скончыў удзельнік антырасійскага паўстання 1863-га года паэт-дэмакрат Абуховіч дагэтуль не ведаюць імя сваёй Радзімы, нягледзячы на падарунак кіраўніка дзяржавы першакласнікам — кнігу «Беларусь — мая Радзіма». Сорамна за Слуцк. Расіяне — патрыёты сваей краіны, украінцы — патрыёты Украіны, казахі і ўзбекі таксама ганарацца сваім паходжаннем».

Па словах былога настаўніка, дзеці напісалі сачыненне «для бамжоў». «Можна і такія сачыненні напісаць: «Усе суседкі — мае родныя маці», «Дзе кормяць — там і Радзіма», «Здрадзіць роднай матцы і пабегчы да другой», «Не перавяліся ў нашай краіне Паўлікі Марозавы», «Прыходзьце, ворагі да нас – мы вас сустрэнем хлебам і соллю», — прапанаваў новыя тэмы для конкурсных школьных сачыненняў Алесь Новік.

Вядомы беларускі паэт Сяргей Законнікаў лічыць, што такім чынам рускі свет наступае на свядомасць беларускіх дзяцей: «Гэты прэцэдэнт — вельмі сур’ёзная тэма, — гаворыць ён. — Для мяне няма сумневу, што так ставіць пытанне, што СНД — радзіма, нельга ні ў якім разе. СНД — гэта толькі садружнасць дзяржаў, там няма ні адзінага герба, ні сцяга, ні адзінай эканомікі, як гэта было ў Савецкім Саюзе».

«Гэтая садружнасць з апошнім часам падвяргаецца ўсё большай крытыкі нават з боку кіраўніка дзяржавы. У кожнага чалавека ёсць Радзіма, якую ён не выбірае сам, бо ён там нараджаецца», — працягвае Законнікаў.

Славуты паэт шкадуе, што настаўнік, які навучыў дзяцей гэтак напісаць, а таксама чыноўнік, які прымушае гэта рабіць, не разумее каштоўнасці роднай культуры, аснову якой складае беларуская родная мова. Таксама такія настаўнікі і чыноўнікі не разумеюць, — развівае сваю думку майстра паэтычных твораў, — што іхняя расійская гаворка — гэта русіфікатарскі ўплыў Расіі. Сёння Расія не можа нічым іньшым падвысіць свой імідж, апроч агрэсіі.

Арганізацыя, якая праводзіць конкурс, адлюстроўвае інтарэсы Расіі, не сумняваецца Сяргей Іванавіч.

Па словах паэта і былога дзяржаўнага дзеяча, у нашай краіне да гэтага часу не  падрыхтаваны настаўнікі для працы ва ўмовах суверэннай краіны, у сваёй свядомасці яны жывуць у былым Савецкім Саюзе, якога ўжо няма і не будзе ў будучыні. «Асабіста я сябрую і з казахамі, і з узбекамі, і з расіянамі — дзеля сяброўства нам не патрэбна адзіная радзіма», — заўважае Сяргей Законнікаў.

Аднак, ёсць у нашай краіне і іньшыя настаўнікі. Настаўніца Семежаўскай агульнаадукацыйнай школы Капыльскага раёна Ірына Паўлюшчык распавяла аб тым, што ў іхняй школе дзеці добра ведаюць, якую краіну называць Радзімай з вялікай літары, і на ўдзел у такім конкурсе настаўнікі гэтай школы не пагадзіліся б.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Алена М.
  • 2016-10-27 15:06:55
Ганьба настаўнікам гімназіі №1 Слуцка!
  • ragneidr
  • 2016-11-04 14:02:17
а прычым тут настаўнікі? ці вы не ведаеце як у школе працую? У асноўным прымушаюць, быццам настаўнікам больш заняцца не чым.

Больш цікавага на «Новым Часе»: