Слуцкія грамадскія актывісты прааналізавалі гарадскі бюджэт і паразмаўлялі аб самакіраванні

Праблема развіцця грамадскага самакіравання — яшчэ адна тэма, якую абмеркавалі слуцкія грамадскія актывісты разам з Нінай Стужынскай 28 ліпеня.
Як дабіцца большай адкрытасці мясцовага кіраўніцтва, яго даступнасці для грамадзян і падсправаздачнасці?
Як зрабіць так, каб кіраўніцтва горада зразумела, што жыхары не толькі носьбіты нейкіх надакучлівых праблем і просьбаў, але і сапраўдныя гаспадары горада?

Як слушна заўважыла Ніна Стужынская, якая кіруе Беларускай жаночай лігай, наш народ з канстытуцыйнага носьбіта ўлады ператвораны ў носьбіта скаргаў, а грамадзяне ў падданых.

Колькі б не стваралі розных камісій па барацьбе з бюракратызмам, яго нельга перамагчы, пакуль не будуць зменены самі прынцыпы ўзаемаадносін паміж грамадзянамі і дзяржавай, — гаворыць Ніна Стужынская. — Толькі ўдзел грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў можа павысіць эфектыўнасць скарыстання рэсурсаў. Па-гэтаму, у развітых краінах даўно ўжо імкнуцца развіваць партнёрства паміж валанцёрамі, грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўным сектарам.

На сустрэчы з Алінай Нагорнай была зроблена спроба прааналізаваць бюджэт Слуцкага раёна на 2018 год. Зрабіць гэта вельмі цяжка, бо інфармацыя, якая падаецца на вэб-сайце Слуцкага райвыканкама, не носіць канкрэтыкі. Агучаны толькі агульныя лічбы, якія раскінуты па розных артыкулах расходаў. Агульны бюджэт Слуцкага раёна на 2018 год павялічаны на 1,63 мільёнаў рублёў і ўстаноўлены ў памеры 113786745 рублёў. Народу ад гэтага ні холадна, ні горача.

Якая мне радасць ат таго, што бюджэт на сацыяльную палітыку ў Слуцкім раёне павялічылі на 0,32 адсоткаў, — распавяла пенсіянерка Валянціна Іванаўна. — Мне наадварот падалося, што ў гэтым годзе сацыяльныя затраты ў Слуцкім раёне скарацілі, паколькі пенсіянераў прымусілі са студзеня 2018 года плаціць за тое, што яны наведваюць гурткі пры сацыяльным цэнтры. Асабліва ганебна, што плаціць прыйшлося нават за наведванне актавай залы людзям, якія любяць спяваць.

Валянціна Іванаўна пераехала ў Слуцк з Кыргізстана з-за міжнацыянальнай варожасці, але яна лічыць, што пры абмеркаванні бюджэта нават ў Кіргізіі было больш дэмакратыі, чым у Беларусі.

Мяне, як кіраўніка таварыства ўласнікаў жылля, заўсёды запрашалі на сходы па абмеркаванню бюджэта горада. Мы там вывучалі кожную лічбу. У канцы года перад дэпутатамі і грамадскімі арганізацыямі кіраўнікі майго горада рабілі справаздачу аб тым, як і куды былі патрачаны грошы. Лічу, слуцкае мясцовае кіраўніцтва наўпрост можа маніпуляваць мільёнамі, паколькі агульныя лічбы нічога не гавораць нават грамадскаму актывісту.

Настаўнікі, з якімі мне ўдалося паразмаўляць, таксама не заўважылі павелічэння бюджэтных расходаў на адукацыю, прапісаных у Слуцкім бюджэце.

Як збіралі з дзецьмі металалом і макулатуру, так і працягваем збіраць, — пасмейваецца настаўніца вясковай школы Слуцкага раёну. — Як вучылі бацькі студэнтаў за свой кошт — так і працягнуць вучыць.

Не заўважаюць людзі і павелічэння расходаў на ахову здароўя на 1,5 мльёнаў рублёў, бо ўранку чэргі ў паліклініцы па-ранейшаму з кіламетр, а ў вузкіх калідорах не прадыхнуць.

Грамадская актывістка Тамара Блінова распавяла, што аснова нашага самакіравання — дэпутаты, якіх яна перыядычна наведвае, таксама акуратна абыходзяць пытанні наконт бюджэтных расходаў.

Складваецца ўражанне, што яны таксама не ў курсе справы, — гаворыць неабыякавая грамадзянка.

На сустрэчы актывістка «Нашага дома» распавяла пра сваю працу па рэанімацыі дзейнасці дэпутатаў Слуцкага раёна.

Калі некалькі гадоў таму некаторыя дэпутаты нават не разумелі, што яны павінны даваць выбаршчыкам справаздачу, то цяпер яны робяць яе некалькі разоў у год, — дзеліцца сваім назіраннем Тамара Іванаўна.

Ад сябе дапоўню, што Тамара Іванаўна сапраўды прывучыла дэпутата даволі рэгулярна весці прыёмы грамадзян і рабіць справаздачы — праўда, часта толькі для яе адной.

Карэспандэнту НЧ давялося наведаць адну такую справаздачу дэпутата раённага Савета дэпутатаў.
Зміцер Чырэц, дырэктар Слуцкага хлебзавода, на сваёй справаздачы 27 ліпеня шчыра прызнаўся, што за 4 месяцы дэпутатацтва да яго звярнуліся толькі двое выбаршчыкаў: Тамара Іванаўна з просьбай аб добраўпарадкаванні сваёй вуліцы і адна пажылая жанчына, агароды якой залівала вада. З ініцыятывамі па развіццю горада ў райсавеце ён не выступаў, бюджэтнымі лічбамі валодае слаба, але праблемы дзвюх сваіх выбаршчыц вырашыў добрасумленна, бо абедзве засталіся задаволенымі.

Слуцкі хлебзавод ён узначальвае толькі каля двух гадоў і нават паабяцаў разабрацца з ганебным брэндам “Бульбаш”, які красуецца на адным з хлебным караваі, і перадаць іньшым дэпутатам пажаданне наконт адкрыцця на сайце “старонкі праблем”.

Між іншым, рабочай мовай сустрэчы была беларуская. ТБМ і ініцыятыва "Часовая Рада Случчыны" вырашылі, што такога кшталту семінары і сустрэчы будуць адбывацца толькі па-беларуску.

Падаецца, што нашай краіне яшчэ доўга трэба рухацца да “партнёрства адкрытага ўрада”, але без падштрухоўвання грамадскімі актывістамі гэты шлях будзе яшчэ даўжэйшым. Па-гэтаму, такія вучэбна-аналітычныя семінары і сустрэчы маюць права на жыццё.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць