Случчан запрасілі паўдзельнічаць у абранні помніка слуцкім паўстанцам

Сябры ініцыятыўнай групы ў падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты Аліны Нагорнай правялі ў Слуцку пікет, на якім уручылі жыхарам паштоўкі з запрашэннем абраць варыянт помніка на адмысловым сайце.
Юрыст Ігар Случак паведаміў карэспандэнту НЧ, што Аліна Нагорная зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу ў Слуцку дзеля таго, каб мець магчымасць легальна кантактаваць з насельніцтвам.

Каб чарговы раз нагадаць случчанам пра падзеі на Случчыне 1920 года, сёння мы раздалі жыхарам горада паштоўкі, — распавёў Ігар Случак. — Спачатку ніхто не перашкаджаў працаваць з насельніцтвам. Але а трынаццатай гадзіне да нас падышлі супрацоўнікі Слуцкага РАУС і папрасілі праехаць у РАУС. Дарэчы, міліцыянты былі ў цывільнай форме, не хацелі прадстаўляцца. «Раскрыліся» толькі ў РАУС. Цікавіліся, хто мы і што робім. Пасля адпусцілі. Гэта затрыманне было незаконным, бо наша ініцыятыўная група зарэгістраваная і мае паўнамоцтвы для правядзення пікетаў. Пасля гэтага непрыемнага інцындэнту праца была працягнута ў іньшым месцы.



Абаронца беларускай мовы і гісторыі праінфармаваў, што ў партнёрстве з першым каталогам беларускамоўных бізнесаў і паслугаў «Свае» створаны сайт 1920.by. Кожны можа зайсці на сайт і далучыцца да выбару помніка героям Слуцкага ўзброенага супраціву.

Як паведаміла Аліна Нагорная, у верасні 2019 года яна атрымала чарговыя адмоўныя адказы па месцы для ўсталявання помніка — на гэты раз ад Слуцкай праваслаўнай епархіі, каталіцкага касцёла і Слуцкага райвыканкама. У адказе, які падпісаў сакратар Слуцкага епархіальнага ўпраўлення Мікалай Лабынька, размова ідзе аб непадтрыманні Праваслаўнай царквой ініцыятыў, якія могуць выклікаць грамадскае супрацьстаянне. У адказе з каталіцкага касцёла выказваецца павага да змагароў за беларускую дзяржаўнасць, але ўказваецца, што там адсутнічаў рэлігійны характар, і ў збройным чыне бралі ўдзел не толькі каталікі, але і прадстаўнікі іньшых хрысціянскіх канфесій. Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Н. Чарнушэвіч зноў спаслалася на неабходнасць больш грунтоўнага аб’ектыўнага навуковага раследавання слуцкіх падзей 1920 года.

Аднак грамадскія ініцыятары ўсталявання помніка не складваюць рукі, а шукаюць новыя варыянты. Прапанова случчанам паўдзельнічаць у выбары эскізу помніка — гэта яшчэ адна магчымасць ажыўлення забытай гісторыі.

Амаль усе мінакі праявілі цікавасць да паштовак. З некаторымі карэспандэнту НЧ удалося пагутарыць наконт усталявання помніка змагарам за незалежную Случчыну.

Гэта наша гісторыя і ад яе нельга так адбрыквацца, — пакрытыкаваў адносіны ўладаў да помніка Мікалай Гараджанка, пенсіянер. — Трэба берагчы гістарычную памяць і сваіх герояў. Вунь, літоўцы не супраць, каб Кастусь Каліноўскі быў іх. Хутка суседнія краіны паразбіраюць усіх, хто спрычыніўся да нашай гісторыі, і нам нічога не застанецца.

Шмат хто гаварыў пра тое, што ў Слуцку мала помнікаў, і помнік слуцкім паўстанцам гораду б не зашкодзіў.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: