Случчане абмеркавалі «Змоўшчыцу» і смяротную кару

У межах «Тыдня супраць смяротнага пакарання» праваабаронцы Андрэй Палуда і Паліна Сцепаненка паказалі ў Слуцку фільм «Змоўшчыца» амерыканскага рэжысёра Роберта Рэдфарда.
volgafilm.ru

volgafilm.ru

Гэта — трагічная гісторыя пакарання жанчыны ў ЗША пасля забойства Аўраама Лінкальна. Меркавалася, што яе сын Джоні ўдзельнічаў у арганізацыі злачынства супраць першага амерыканскага прэзідэнта. Паколькі сына не знайшлі, «правасуддзе» ў выглядзе ваеннага трыбунала вынесла смяротнае пакаранне яго маці — за тое, што яна нібыта ведала, што яе сын рыхтаваў забойства. Нягледзячы на высілкі адваката, жанчына была павешаная. Праз 16 месяцаў яе сын быў апраўданы цывільным судом прысяжных, але жанчыне ўжо нельга было вярнуць жыццё…

Пасля прагляду фільма случчане абмяняліся думкамі і эмоцыямі па змесце стужкі і выказалі свае адносіны да смяротнага пакарання.
Інжынер Сяргей Долбік выказаўся супраць смяротнага пакарання: «Фільм трымае ў напружанні ад пачатку да канца. Гісторыя асуджэння на смерць невінаватага чалавека ўражвае і прымушае задумвацца наконт незваротнасці смяротнага пакарання і суб’ектыўнасці суддзяў і пракурора, — гаворыць Долбік. — Відавочна, што адмыслова былі падабраны сведкі, якімі было лёгка маніпуляваць. Што датычыцца маіх адносін да праблемы смяротнага пакарання — яны памяняліся пасля тэракту ў мінскім метро. Я ўважліва сачыў за працэсам і ў мяне ўзніклі сумненні наконт віны Кавалёва і Канавалава. Я супраць смяротнага пакарання».
Мікалай Зыкаў таксама выступіў супраць смяротнага пакарання: «Вельмі страшна, калі ажыццяўляецца судовая памылка, а чалавека ўжо не вернеш. У Беларусі было шмат такіх выпадкаў, каля смяротнае пакаранне ажыццяўлялася імём Закона, а тварылася беззаконне. У сталінскія гады дзякуючы існаванню смяротнага пакарання знішчаны мільёны бязвінных людзей. Да таго ж ужо даказана даследаваннямі, што смяротнае пакаранне не памяншае колькасці злачынстваў, а выклікае іх рост. Шкада, што ў нашай краіне шмат людзей не разумее, што памылка ў выраку прысуда са смяротным пакараннем можа датычыцца кожнага чалавека. Патрэбна, каб яны паглядзелі фільм «Змоўшчыца» — ён вельмі кранае і прымушае суперажываць».
З 15 прысутных толькі двое случчан выказаліся ў падтрымку смяротнага пакарання супраць злосных злачынцаў і супраць гуманізацыі турмаў. Асноўныя аргументы такіх выказванняў — трата дзяржаўных (народных) сродкаў на пажыццёвае ўтрыманне тых, хто не патрэбны грамадству.

Арганізатары прагляду фільма Паліна Сцепаненка і Андрэй Палуда выказалі свае ўражанні ад дыскусіі ў Слуцку.

Каардынатар кампаніі праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання Андрэй Палуда распавёў, што ў розных гарадах на мерапрыемствы кампаніі прыходзяць людзі рознага ўзросту: «У Мінску гэта збольшага моладзь, таму цікава было паслухаць меркаванні сталых людзей у Слуцку. Старэйшае пакаленне заўсёды больш кансерватыўнае, але відавочна, што іх погляды таксама змяняюцца, калі яны атрымоўваюць больш інфармацыі. Важна, каб у грамадстве развівалася дыскусія, якая, пакуль, на жаль, адсутнічае нават на тэлебачанні».
Паліна Сцепаненка лічыць важным, што ў большасці сваёй прысутныя случчане не падзяляюць расстрэлы людзей на справядлівыя і несправядлівыя: «Удзельнікі дыскусіі ў Слуцку падцвердзілі выснову, што Канстытуцыя павінна абараняць інтарэсы ўсіх людзей, нават няважна, вінаваты ён ці не. Важна, каб правы і свабоды распаўсюджваліся на ўсіх членаў грамадства, — гаворыць грамадская актывістка. — Мне было непрыемна чуць у некаторых гарадах ад людзей, якія адмоўна адносяцца да сталінскіх расстрэлаў, што яны падтрымліваюць смяротныя пакаранні. Не разумеюць, што несправядлівы меч правасуддзя ў сталінскія часы караў невінаватых людзей таксама з дапамогай «Закона».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!