СМІ: латышы будуць прадаваць электраэнергію з БелАЭС у абыход Літвы

Паколькі Літва збіраецца блакаваць імпарт электраэнергіі з будучай Беларускай АЭС, імпартаваць яе мае намер латвійская кампанія AST. Таму гандаль электраэнергіяй з трэцімі краінамі Балтыкі будзе ажыццяўляцца не праз Літву, а праз Латвію.
Астравецкая АЭС. Фота Славаміра Адамовіча

Астравецкая АЭС. Фота Славаміра Адамовіча



Пра гэта піша delfi.lt са спасылкай на партал навінаў 15min.lt.

Як паведамляе AST, каб своечасова змякчыць рызыку верагоднага памяншэння патоку электраэнергіі або негатыўных ваганняў тарыфаў, урад Латвіі пастанавіў, што пасля спынення Літвой гандлю электраэнергіяй з Беларуссю гэты гандаль будзе ажыццяўляцца праз латвійскую мяжу. AST сцвярджае, што Латвія кансультавалася з нагоды гэтага рашэння з Літвой, Эстоніяй і Еўракамісіяй. Літоўскі аператар перадаючай сістэмы Litgrid сцвярджае, што ўзгаднення з Латвіяй не было, хоць кансультацыі мелі месца. Зараз гандаль электраэнергіяй паміж краінамі Балтыі і трэцімі краінамі ажыццяўляецца толькі праз літоўска-беларускую мяжу.

Былы міністр энергетыкі Арвідас Сякмокас сказаў парталу, што электраэнергія з БелАЭС будзе паступаць і ў Літву, толькі здзелкі будуць заключаць латышы. Кіраўнік парламенцкай Камісіі па энергетыцы і гарманічнаму развіццю Віргіліюс Подзярыс прызнае, што навіны з Латвіі выклікаюць занепакоенасць і, па ўсёй верагоднасці, гэта адкрые рынак для электрычнасці ў БелАЭС.

Некаторы час таму Літва заканадаўча забараніла купляць электраэнергію з БелАЭС. Як пісала агенцтва BNS, іншая латвійская кампанія Spectrum Baltic мае намер імпартаваць у Літву электраэнергію з Калінінградскай вобласці і ўжо атрымала адпаведны дазвол. У кампаніі ёсць папярэдні дагавор куплі-продажу электраэнергіі з заснаванай расійскім канцэрнам "Росэнергаатам" кампаніяй па гандлі электраэнергіяй "Балтыйская АЭС". Як сцвярджае 15min.lt, "Балтыйская АЭС" можа прадаваць электраэнергію, выпрацаваную як у Калінінградскай вобласці, так і ў іншых месцах — прапускной здольнасці з Калінінградскай вобласці ў Літву дастаткова. У Spectrum Baltic ужо ёсць выдадзены ў чэрвені дазвол імпартаваць электраэнергію ў Літву з Беларусі. Прадпрыемства абяцала да канца верасня пракаментаваць BNS, ці мае намер ён імпартаваць электрычнасць з БелАЭС.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!