Смяяцца з таракана: знакі і вобразы беларускай рэвалюцыі

Беларускі пратэст уражвае сваёй творчай энергіяй, зменлівасцю, мужнай упартасцю — і смехам. Проста паглядзіце на знакі і вобразы беларускага пратэста 2020.


Смешнае страхоцце: ад Карнея Чукоўскага да фільмаў нуар

Першы вобраз, з якога ўсё пачалося, прапанавала жанчына ў відэадзённіку Сяргея Ціханоўскага. Жанчына параўнала надакучлівага кіраўніка дзяржавы з персанажам казкі Карнея Чукоўскага, дзе вусатая інсекта палохала звяроў і паплацілася за сваю нахабнасць.


Параўнанне Лукашэнкі з казачна-казуркавай нікчэмнасцю, якое стала дзёрзкім выклікам для старой улады, набыло папулярнасць, а прычэпленая да імені мянушка 3% мізэрнасць падкрэслівала.


Варта сказаць, што яшчэ на пачатку сваёй кар’еры серыйны прэзідэнт быў мішэнню для кпінаў і злых жартаў. Выйшла нават падпольная кніжка Народны прэзідэнт (2006) — зборнік сатырычных паэм і вершаў на абраную тэму. Але толькі цяпер кпіны і жарты выстралілі, бо падключыцца да іх захацелася калі і не ўсім 97%, то яўнае большасці.


Яшчэ адзін важны чыннік сённяшняга смеху і, увогуле, сучасных вобразаў — сталыя адсылкі да іншых твораў.
Так, рэстаратар Вадзім Пракоп’еў, які абазваў ненавіснага суб’екта «помслівым гандонам», дэбютаваў у жанры фільмаў нуар. Ягоныя відэапасланні былі знятыя ў чорна-белай стылістыцы, характэрнай для «чорных» амерыканскіх стужак 50-х: цені, моцныя эмоцыі, цынічны герой змагаецца за праўду ў свеце, дзе згубленыя законы. Кпіны героя да публікі даходзілі.


Мыш і прароцтва

Журналісты зачапіліся за іншыя знакі: падчас рэгістрацыі кандыдатаў сокалы скінулі дохлую мыш на ганак Цэнтральнай выбарчай камісіі. У старажытным свеце такія паводзіны птушак трактаваліся, як вельмі нядобрае папярэджанне, што прыводзіла нават да адмены ці адкладання рытуалаў. У Беларусі ўсё пайшло звыклым чынам, злыя языкі толькі плявузгалі, ці была мыш жаночага полу альбо мужчынскага.


Яшчэ адзін знак, а дакладней прароцтва, заўважылі толькі цяпер. У 2019 годзе адзін амерыканскі пастар падчас паездкі ў Латвію раптам пачаў казаць, што ў 2020 годзе Бог прывядзе Беларусь да свабоды і нават назваў імя — Святлана.


Але ў беларускай рэвалюцыі біблейскі пафас засланяецца вобразамі сучаснай культуры.

Трыфемінат, грацыі, Галодныя гульні і хобіты

Галоўны альтэрнатыўны кандыдат на прэзідэнта Віктар Бабарыка — прыхільнік творчасці Толкіена — прыгадаў пра «Уладара пярсцёнкаў». Маленькія і мужныя хобіты атабарыліся ў Беларусі, святло білася з цемрай.


Трыфемінат Святланы Ціханоўскай, Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай увасобіў іншы вобраз: жанчын, якія змагаюцца за перамогу. Іх параўноўвалі з трыма грацыямі, а прыхільнікі малявалі Ціханоўскую ў вобразах Жаны Д’арк і Катніс Эвэрдзін з «Галодных гульняў», дзе ў выніку народнага паўстання была зрынутая тыранія.

Белае сутыкнулася з чорным.

Карнікі супраць анёлаў

Тры ночы з 9 па 11 жніўня спарадзілі іншы вобраз — карнікаў. Убраны ў чорны АМАП, які збіваў, катаваў і забіраў людзей выклікаў адназначную асацыяцыю з часамі акупацыі. А калі людзі ў чорным атачылі Чырвоны касцёл і замкнулі ў ім людзей аналогія стала поўнай. Колеры маюць значэнне.


Бел-чырвона-белы сцяг увідавочніўся ў фатаграфіях людзей, якія ў барацьбе з чорнымі сіламі сцякалі крывёю.
Кабеты ў белым выйшлі на вуліцу пратэставаць супраць гвалту — і выглядалі анёламі, якія спусціліся на зямлю. Жанчыны, як ніхто, прадэманстравалі імклівасць і зменлівасць беларускай рэвалюцыі: калі на вуліцах яны сутыкаліся з шыхтамі чорных, то проста, як вада, абцякалі гэтыя шыхты, падманвалі, сыходзілі ад пераследу — і ўпарта дамагаліся свайго.


Смерць на хадулях, цар-таракан і карнавальны пратэст

Пасля вусцішы прыйшоў смех дэманстрацый. На нядзельных пратэстах — смерць на хадулях, цар-таракан і карнавальны пратэст. Смяюцца ўсе, смяюцца з усяго — і з сябе ў тым ліку, смех узвышае і перакульвае, грае з літаратурнымі і культурніцкімі знакамі.

Плакаты на дэманстрацыях здзіўляюць сваёй гульнёю і разняволенасцю:

Маці клянецца, што ты мне не бацька!
Сэкс, вядома, добра, а лічыць сумленна не спрабавалі?
Я нараджала, мне не страшна!
СШ пшнх пжлст (апошняе аформлена як табліца для праверкі зроку).
Саша, ты праМАЗаў (адсылка да бунтоўнага МАЗу).


На плакатах цытаты Купалы (часцей за ўсё), Караткевіча, «Гульні тронаў», Джорджа Оруэла — ці хатняга коціка, які «адзіны вусаты дыктатар». Увогуле, Марк Шагал — і ты шагай! — каламбуры падштурхоўваюць да дзеяння.

Я адзін тут бясплатна!
Як палепшыўся Мінск пры наркаманах і прастытутках! — іранічныя рэплікі на чужыя здзекі.
Вызвалены смех спараджае самасвядомасць:
Беларусы — гэта лепшае, што я бачыў у 2020 годзе!


Творчасць, зменлівасць, упартая мужнасць і смех — усё гэта ёсць у новым і бракуе старому, што чапляецца за ўладу.

Прышлае невядомае — і там ёсць месца для творчасці і новых вобразаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: